Будаўніцтва Беларускай АЭС будзе каштаваць да $ 11 млрд
Будаўніцтва Беларускай АЭС будзе каштаваць да $ 11 млрд. Пра гэта паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар РУП „Беларуская АЭС” Міхаіл Філімонаў.
Міхаіл Філімонаў нагадаў, што Беларусь і Расея заключылі міжурадавае пагадненне, згодна з якім на будаўніцтва АЭС будзе выдзелена да $ 10 млрд, яшчэ 10% – уласныя сродкі Беларусі. Такім чынам, усяго на будаўніцтва аб’екта мяркуецца выдаткаваць да $ 11 млрд. Паводле слоў гендырэктара станцыі, ужо асвоена каля 30% ад сумы крэдыту.
Зараз поўнамаштабна разгорнутыя работы на 123 з 130 аб’ектах і збудаваннях АЭС. Колькасць будаўнічага персаналу – каля 5 тыс. чалавек, задзейнічана 40 субпадрадных арганізацый. З пачатку будаўніцтва выкладзена 70% агульнага аб’ёму бетону і зманціравана 83% арматуры. Узвядзенне першага энергаблока ўжо завяршаецца, пачынаюцца мантажныя работы.
Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю у 2019 годзе, другі – у 2020-м.
Фота БелТА