Бюджэтнікам павысяць заробак?



У Беларусі з 1 снежня чакаецца павышэнне заробкаў нізкааплатнай катэгорыі работнікаў бюджэтнага сектара. Пра гэта паведаміў 3 лістапада журналістам першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

Праект рашэння знаходзіцца на разглядзе ўрада, удакладніў Лабовіч. Паводле яго слоў, рост заробкаў у сярэднім складзе 7%, аднак „канчатковыя лічбы будуць разлічаны індывідуальна”.

„Сёння рост зарплаты знаходзіцца ва ўвязцы з ростам прадукцыйнасці працы. Заработная плата павінна быць зароблена”, — дадаў Лабовіч.

Паводле звестак Белстата, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата работнікаў бюджэтнай сферы ў студзені—верасні 2017 года склала 597,5 рубля, у тым ліку ў верасні — 636 рублёў, што на 36,1 рубля, або на 6%, больш, чым у жніўні.

Рэальная заработная плата бюджэтнікаў у студзені—верасні ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам павялічылася на 1,3%, у верасні ў параўнанні са жніўнем — на 5,7%.

belapan.com