Бюджэтныя выдаткі на парадкаванне тэрыторый павялічаць



Сёлета бюджэтныя расходы на добраўпарадкаванне тэрыторый населеных пунктаў краіны будуць павялічаныя ў параўнанні з мінулым годам, паведаміў 31 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка.

Дакладную лічбу выдаткаў ён не назваў, адзначыўшы, што летась на мэты добраўпарадкавання было выдзелена 98,8 млн рублёў, што на 25% перавышае расходы 2017-га. „Я думаю, што ў 2019 годзе асваенне бюджэтных сродкаў на мэты добраўпарадкавання і ўтрымання будзе вышэйшае. І, адпаведна, у планах на 2020 год прадугледжана яшчэ больш сродкаў з улікам капітальнага рамонту дваровых тэрыторый”, — сказаў Рамашка.

Паводле яго слоў, Мінфін вызначыў асобны (150-ты) параграф у дзяржбюджэце менавіта на гэтыя мэты. „Гэта значыць, гэтыя сродкі павінны цалкам пайсці на добраўпарадкаванне прыдамавых і дваровых тэрыторый”, — падкрэсліў чыноўнік.

„Пры складанні артыкулаў расходаў бюджэту выконваецца прынцып прапарцыянальнасці, што звязанае з абслугоўваннем дваровых тэрыторый. Потым аблвыканкамы размяркоўваюць гэтыя сродкі на месцах. Некаторыя — прапарцыйна, некаторыя — у залежнасці ад планаў і мерапрыемстваў на гэты год у канкрэтным населеным пункце”, — растлумачыў начальнік упраўлення.

У сваю чаргу намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні ГА „Менская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка” Валянціна Баркоўская паведаміла, што сёлета на санітарнае ўтрыманне сталічных дваровых тэрыторый выдзелена больш за 28 млн рублёў, на добраўпарадкаванне аб’ектаў — больш за 10 млн, на капітальны рамонт — 3,8 млн. „Натуральна, гэтых сродкаў недастаткова, і мы запыталі дадатковыя. Так, на ямачны рамонт было дадаткова выдзелена больш за 2 млн рублёў. На 2020 год пакуль лічбы назваць не магу, яшчэ ідуць разлікі, аднак лічба будзе расці, таму што з’яўляюцца новыя дваровыя тэрыторыі, пераходзяць на наш баланс двары таварыстваў уласнікаў і жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў. Пра паступленне сродкаў ад насельніцтва мы больш дакладна скажам пры падвядзенні вынікаў у верасні”, — удакладніла Баркоўская.

Паводле яе слоў, у першым паўгоддзі ў Менску праведзены выбарачны рамонт 385 двароў з 625, выкананы наяўны рамонт пешаходных дарожак на плошчы 132 тыс. кв. метраў, адрамантаваныя 54 знешнія лесвіцы, 119 кантэйнерных пляцовак, 3.448 кантэйнераў, адноўлена 27 га газонаў, адрамантавана 17,5 тыс. адзінак дзіцячага гульнявага абсталявання, высаджана 31.345 дрэў, 74.754 кусты, больш за 1 млн кветак.

Сёлета, паведаміла Баркоўская, плануецца капітальны рамонт 32 двароў. „На 12 аб’ектах ужо распрацаваная праектна-каштарысная дакументацыя. Праектамі прадугледжанае частковае пераразмеркаванне дваровай прасторы для агароджаных пляцовак і ўладкавання месцаў захоўвання веласіпедаў і іх азеляненне”, — паведаміла намеснік гендырэктара Менскай гарадской ЖКГ.

БелаПАН

Фота: belta.by