Бывай, аэрапорт “Менск-1”! Не вітаем будкомплекс “Маяк-2!”



Пачалося разбурэнне нядзеючага зараз, а калісьці буйнейшага сталічнага аэрапорта „Менск-1”.

Ужо знятае навігацыйнае абсталяванне, хутка пачнецца дэмантаж узлётнай паласы. Паводле адмыслоўцаў, уся тэрыторыя перададзеная сербскай фірме з амерыканскім капіталам, чые хмарачосы ўжо будуюцца непадалёк. Дыскутуецца, бадай, толькі пытанне, ці разбураць гістарычны будынак аэрапорта, адкуль, між іншым, вылятаў на Патсдамскую канферэнцыю часоў Другой сусветнай Іосіф Сталін.

Некалькі гадзін падарожнічалі мы з генеральным дырэктарам вопытна-канструктарскага аднайменнага бюро “Талмачоў” –  Віктарам Пятровічам Талмачовым. Сустракаліся з прадстаўнікамі тае фірмы, што адмовіліся прадставіцца. Пабывалі на вуліцы Аэрадромнай, дзе жылі і жывуць авіятары – пасля спынення працы “Менск-1” іх бытавыя ўмовы значна пагоршыліся, а ў ЖЭСа раптам “не знайшлося” сродкаў на планавы капітальны рамонт.

Завіталі на 407-ы завод грамадзянскай авіяцыі, дзе ўжо масавыя скарачэнні і патухлыя твары працуючых. Паўглядаліся як масавым “фронтам” набліжаюцца будоўлі хмарачосаў да аэрапорту. Праз краты паркану мо ў апоші раз паглядзелі на ўзлётную паласу. Ніжэй, у фотарэпартажы, гэта можна ўбачыць.

Працуючы пакуль завод грамадзянскай авіяцыі №407, а таксама ўсе іншыя структуры былога аэрапорта мусяць прыпыніць сваё існаванне да канца бягучага года.

Больш падрабязна пра сітуацыю – у далучаным гукавым файле:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара