Чаго чакаюць прадпрымальнікі ад новага ўказа?



Магілёўскі прадпрымальнік Аляксей Валатка распавядае пра свае чаканні ад новага дакумента, які будзе рэгламентаваць прадпрымальніцкую дзейнасць.

Як вядома, падрыхтаваны праект указа, згодна з якім гандляваць без дакументаў, пацвярджаючых куплю тавараў, усё-такі можна, але за такі гандаль давядзецца заплаціць больш падаткаў. Дакумент да гэтага часу нідзе не быў надрукаваны.

Аляксей Валатка: Прадпрымальнікі зараз у чаканні таго, што нам прапануюць. Наколькі я разумею, меркаванні ва ўрадзе падзяліліся, а таму падпісанне дакумента зацягваецца. І наогул не зразумела: ці рыхтуецца ўвогуле нешта? У Магілёве ўжо агучылі, што падаткі вырастуць, хоць працуем па старых правілах. І гэта самае простае рашэнне для прадпрымальнікаў. А ўсё астатняе – больш складаныя ўмовы працы. Як кажуць, бюракратызацыя ў дзеянні. Мала таго, што тавар у разы падаражэе, дык яшчэ будзе складаней працаваць і ў плане бухгалтарскага ўліку. Плюс адказнасць за памылкі зусім іншая. Я думаю, што такі прэс вытрымаюць не ўсе.

РР: Вы сказалі, што падымуцца кошты на тавары, але ж пакупальніцкая здольнасць насельніцтва зараз і так нізкая.

Аляксей Валатка: Дык малы бізнес ставяць у такія ўмовы выжывання, хоць мы разумеем, якая эканамічная сітуацыя ў краіне. Гэта, можа быць, толькі чыноўнікі не бачаць. У нас жа заробак у краіне не 2-3 тысячы еўра, а 200-300, але пра тое чамусьці ўвесь час забываюць. Усе прапановы для малога бізнеса, безумоўна, прыгожыя і правільныя на паперы, але не пра нашы заробкі. Таму ўсе прадпрымальнікі па-ранейшаму знаходзяцца ў стане невядомасці. І пачынаюцца хваляванні з нагоды таго, як будзем працаваць з 1 красавіка. Галоўнае – каб чыноўнікі нас пачулі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя