Чаму адмянілі «пашпартны кантроль»?



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму адмянялі куплю валюты па пашпартах, і выказаў прагноз, ці можа гэтая норма ізноў вярнуцца.

Як вядома, у Беларусі адмяняецца патрабаванне рэгістрацыі банкамі пашпартных дадзеных фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту. Адпаведны ўказ Александр Лукашэнка падпісаў 29 мая.

Барыс Жаліба: Ужо наспела рашэнне адмяніць норму. Па-першае, валютны курс даляра і еўра ў краіне стабілізаваўся, таму зніклі нейкія спекулятыўныя моманты. Увогуле, калі прымалі рашэнне ўвесці “пашпартны кантроль” пра пакупцы валюты, то гэта лічылася своеасаблівым мяккім кантролем за валютнымі аперацыямі. І напачатаку нават былі нейкія вынікі, калі знаходзілі тых, хто па чужых пашпартах купляў вялізныя валютныя сумы. Але зараз сітуацыя збалансавалася, таму і ў норме няма патрэбы. Да таго ж, у людзей зараз няма і грошай, каб скупляць валюту.

РР: Але ці можа з часам гэтая норма ізноў вярнуцца?

Барыс Жаліба: Безумоўна. Зараз баланс на валютным рынку дасягнуты ў тым ліку і за кошт таго, што насельніцтва прадае валюту – ужо другі год ідзе чысты продаж. Але валютныя запасы ў людзей заканчваюцца, а росту заробкаў не прадбачыцца. Значыцца, не выключана, што ізноў можа ўзнікнуць валютная напружанасць. Зрэшты, Расея падкінула грошай у выглядзе нафтавых прэферэнцый, а таму гэта можа паспрыяць таму, што спыніцца зніжэнне валютнай выручкі. Але сітуацыя ў Беларусі такая, што яна заўсёды мае валютныя рызыкі. Таму і выключаць нічога нельга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя