Чаму беларусы сталі менш прадаваць валюты?



“У Беларусі дзейнічае такі закон – чым вышэйшы ўзровень рубля, тым ніжэйшы ўзровень жыцця”, – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Згодна са звесткамі Нацыянальнага банка, у студзені беларусы прадалі рэкордна мала валюты. У чым справа?

Леанід Заіка: Беларускі рубель апошнім часам узмацніўся ў адносінах да даляра і еўра, а ўзровень жыцця знізіўся. Ёсць такі новы закон беларускага прыцягнення: чым вышэй узровень беларускага рубля, тым ніжэйшы ўзровень жыцця. А ўвогуле, у факце таго, што беларусы сталі менш прадаваць валюты ў студзені, яшчэ і псіхалогія. З пачатку года спяшацца няма куды, асноўныя падарункі былі набытыя перад Новым годам. І, паколькі зберажэнні патрацілі ў снежні, то ў студзені можна пра гэта нават і не думаць. Тым больш, што сёння больш выгодна купляць даляры і еўра, а не прадаваць іх. 

РР: Ёсць меркаванне, што валютныя запасы ў насельніцтва заканчваюцца…

Леанід Заіка: Калі глядзець на магчымасці зберажэнняў і перспектывы атрымання больш высокіх заробкаў, то ў такіх умовах людзі заўсёды стрымліваюць свае патрэбы і стараюцца весці сябе больш рацыянальна. Беларусы зараз менш думаюць пра тое, каб зрабіць зберажэнні ў валюце. Не тая сітуацыя…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя