Чаму Лукашэнка абрынуўся на прыватны бізнес?



Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на прыватны бізнес. Хоць мы і раней чулі ад кіраўніка дзяржавы пра тое, што ён “пацісне руку апошняму прадпрымальніку”, але даўно такой нянавісці ў бок бізнесоўцаў не гучала. Што сказаў Лукашэнка і што стала прычынай яго агрэсіўнай рэакцыі?

Выступ старшыні Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жаны Тарасевіч падчас так званага “Усебеларускага народнага сходу” не быў нейкім рэвалюцыйным. Яна расказала аб праблемах прадпрымальнікаў, далёка не новых, прасіла не душыць прыватны бізнес праверкамі, даць роўныя правы дзяржаўнаму і недзяржаўнаму сектарам. Але рэакцыя Лукашэнкі была непрадказальнай. Ён прыгразіў, што “усялякіх ІПэшнікаў прывядзём у пачуццё”, распавёў “плаксівыя” гісторыі як яго “ябацек” адмаўляюцца абслугоўваць, згадаў пра спробу леташняга страйку. Працытую: “Каля 200 прадпрыемстваў зачыніліся ў Менску! І хто яны ў нас? Дэфіцытныя? Асобныя гандлёвыя кропачкі, кафэшачкі. Як я павінен быў паступіць? Я папярэдзіў Камітэт дзяржаўнага кантролю: закрыліся — каб ні адно не адкрылася”. Агрэсіўна ўзгадаў Лукашэнка пра Віктара Бабарыку, маўляў, набудаваў тут асабнякоў, накупляў машынаў. Скрытыкаваў спрошчаную сістэму рэгістрацыі бізнесу, якая выкарыстоўваецца “нядобрасумленна”. Паводле яго, палова такіх прадпрымальнікаў не плацяць падаткі, а грошы выводзяць за межы краіны. Паабяцаў прыватныя кампаніі “выразаць калёным жалезам”. І ў выніку прызнаў: працаваць у краіне дадуць толькі бізнесоўцам – патрыётам, трэба разумець, тым, якія “любімую не аддаюць”. Астатнія, у разуменні Лукашэнкі, не патрыятычныя бізнесоўцы накралі грошай і няхай лепш з’едуць за граніцу, іначай “яны перавернуць краіну”. Дый увогуле, улады перад бізнесам на калені не стануць.

Што ж выклікала такую нервовую рэакцыю Лукашэнкі? Прычыны бачацца наступныя. Першая – выключна палітычная. Прыватны бізнес у большасці не падтрымаў Лукашэнку падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, а многія і ўвогуле адкрыта сталі на бок мірна пратэстуючых беларусаў. Таму і паўсталі ў прамове нейкія бізнесцоўцы-непатрыёты, якім “лепей выехаць за мяжу”. Лукашэнка абураны, пакрыўджаны і будзе помсціць. Па-другое, прыватны бізнес, як і прыватная ініцыятыва, гэта “страшны сон” Лукашэнкі. Гэта самастойнае мысленне, незалежнае існаванне, а там глядзіш і паўстаюць ідэі хадзіць на дэманстрацыі, або яшчэ горш –  ісці ў прэзідэнты. Адпусціць бізнес у вольны палёт – гэта як падрэзаць самому сабе “аўтарытарныя крылы”. Таму будуць душыць і “выпальваць жалезам”. Не зважаючы нават на тое, што толькі малы і сярэдні бізнес забяспечвае 26 працэнтаў ВУП краіны.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот з відэа