Чаму працягвае даражаць паліва?



Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавёў пра тое, чаму ў краіне не спыняецца рост цэнаў на аўтамабільнае паліва.

З 13 красавіка ў Беларусі рознічныя цэны на дызельнае паліва і аўтамабільны бензін традыцыйна павялічыліся на 1 капейку. Гэта дзясятае падаражанне паліва з пачатку года.

Станіслаў Багданкевіч: Пастаянны рост цэн на паліва – гэта такая палітыка ўладаў, якім вельмі неабходны грошы. Калі ўлічваць, колькі ў краіне машын, дадатковы прыбытак ад паліва заўсёды будзе, нават калі падымаць кошт усяго на 1 капейку. Тым больш, што за тры з паловай месяцы паднялі цану на бензін ужо на 10 капеек. Так што працэс падвышэння коштаў на паліва прадоўжыцца – сумнявацца не даводзіцца. Бюджэт трэба папаўняць.

РР: “Катаванне” капейкай працягнецца?

Станіслаў Багданкевіч: Так, улады ізноў-такі абралі такую тактыку – падымаць цану на паліва ўсяго на 1 капейку, але часцей. Каб народ не бунтаваў з-за рэзкага скачка цаны.

РР: Ці могуць у Беларусі давесці кошты на паліва да ўзроўню, скажам, Літвы ці Польшчы?

Станіслаў Багданкевіч: У бліжэйшы час такога не будзе адназначна, бо трэба ўлічваць узровень заробкаў і пенсій у той жа Польшчы ці ў Літве і ў нашай краіне.

Тут мы саступаем у разы, а таму ў нас пакупальніцкая здольнасць насельніцтва меншая. Калі так падымуць цану на паліва, народ можа моцна абурыцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя