Чаму ў Беларусі скарачаецца колькасць прадпрымальнікаў?



Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавядае пра сумныя перспектывы для прадстаўнікоў малога бізнеса.

Па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у Беларусі скарачаецца колькасць ІП – за год іх стала менш на 3,3%.

Вячаслаў Піліпук: Пасля ўступлення ў сілу з 1 студзеня 2016 году прэзідэнцкага Указа №222, па нашых падліках, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася прыкладна на 8-10 адсоткаў.

РР: Што найперш прымушае ІП-эшнікаў кідаць справу?

Вячаслаў Піліпук: Першае – паўплываў эканамічны крызіс, які зараз назіраецца ў краіне. У насельніцтва нізкая пакупальніцкая здольнасць, няма грошай на пакупкі, а значыцца не мае вялікага прыбытку і сэнсу працаваць прадпрымальнікам. Зрэшты, гэта можна было б перацярпець з дапамогай “падушкі бяспекі”, якую ствараюць для сябе на “чорны дзень” многія прадаўцы. Можна было б перачакаць дрэнныя часы, працуючы “на нуль”. Але ж самі ўмовы працы не даюць магчымасці нармальна працаваць. Асабліва так было ў першыя часы пасля прыняцця вышэйзгаданага ўказа. Псіхалогія ў людзей такая – лепш закрыць бізнес, чым працаваць невядома па якіх правілах. Я ведаю, што ў асноўным колькасць прадпрымальнікаў скарачалася менавіта тады. Усё гэта выклікала ланцуговую рэакуцыю. Некаторыя не вытрымлівалі высокую арэнду, падаткі, і ў дадатак – суправаджальныя дакументы.    

РР: Якія ў вас прагнозы на наступны год? Ці ёсць аптымізм?

Вячаслаў Піліпук: Калі аналізаваць увогуле стан беларускай эканомікі, то ў наступным годзе, відаць, лягчэй не будзе. Усе ж беларускія яйкі ляжаць пераважна ў адным расейскім кошыку. Акрамя таго, пацвярджаецца тое, пра што мы ўжо шмат разоў казалі – гэтае саюзнае ўтварэнне выгодна ў першую чаргу Расеі. Мы застаемся ў пройгрышы. Тыя законы, якія прымаліся на саюзным узроўні ў лёгкай прамысловасці, і ў іншых, даюць дывідэнды найперш Расеі. Таму 2017 год будзе цяжкім для беларускай эканомікі. А значыцца і для прадпрымальнікаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя