Чаму ўлада цісне на прыватны бізнес?



Эканаміст Леанід Злотнікаў разважае з нагоды таго, чаму ў Беларусі прыватны бізнес знаходзіцца ў гаротным стане.

Леанід Злотнікаў: Аднойчы чыноўнікамі было сказана: “Працягні бізнесу палец – ён з’есць усю руку”. Беларуская ўлада не хоча стварэння трэцяй сілы. Не хоча, каб быў нейкі шырокі клас, які эканамічна не залежыць ад дзяржавы. Яна больш схільная да сацыялістычнай планавай эканомікі, чым да рыначнай. І ў гэтай сітуацыі атрымоўваецца: хто каго. Калі па-сапраўднаму даць дарогу бізнесу, то знікнуць элементы сацыялізма. Тады ў эканоміцы на першае месца павінны выйсці канкурэнцыя, рынак, не павінен абмяжоўвацца імпарт.

РР: Якая сёння роля адведзена прыватнаму бізнесу ў краіне, у эканоміцы?

Леанід Злотнікаў: Пры Саюзе быў Дзяржплан, які ўсё планаваў. Быў камітэт па дзяржаўнаму забеспячэнню, які займаўся збытам прадукцыі. І зараз Беларусі хацелася б аднавіць такую планавую эканоміку, якая была пры СССР. Але часы розныя. Раней, напрыклад, на МТЗ прыходзіла папера, што столькі трактараў трэба накіраваць у Сярэднюю Азію, столькі – за Урал… Усё гэта было арганізавана, такую эканоміку называлі сацыялістычнай. Але што мы маем зараз? Беларусь – невялікая краіна. Сёння ж, калі даць планавае заданне таму ж МТЗ, колькі і чаго зрабіць, то куды ён затым прадасць гэтыя трактары? Раней быў план паставак, а зараз трэба прадаць. Не факт жа, што купяць, а нікога не прымусіш купляць. Для таго, каб аднавіць сацыялізм, неабходна, каб была буйная гаспадарка. І інтэграцыю з Расеяй і Казахстанам беларускія ўлады разумелі, як аднаўленне такіх эканамічных стасункаў, як пры Саюзе. Але ў рэальнасці не заўсёды атрымліваецца так, як хочацца. Менавіта прыватны бізнес у гэтай сітуацыі павінен дапамагаць дзяржаве ў тым жа збыце прадукцыі. Але гэта падхопліваецца буйнымі сеткамі, а сеткі дзяржава можа прыціснуць, каб, напрыклад, стрымліваць той жа рост коштаў. Прыватны бізнес складаней кантраляваць. Адным словам, дзяржаве, якая прызвычаілася камандаваць, дробны бізнес не да патрэбы.

РР: Значыцца, ціск на прыватнікаў можа толькі ўзмацніцца?

Леанід Злотнікаў: Гледзячы на якіх прыватнікаў. Складаней таму прыватнаму бізнесу, які стараюцца выціснуць з эканомікі. Паўтаруся, дзяржаве не патрэбен рынак, які параджае іншы клас. Гэта ўжо будзе зусім іншая палітычная сістэма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя