Чарговы форум прадпрымальнікаў пройдзе ў верасні



Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Перспектыва” мае намер правесці чарговы форум прадпрымальнікаў у верасні ў Менску, паведаміў старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.

„Асноўныя праблемы на сённяшні дзень застаюцца нявырашанымі, ніякага прасоўвання па іх вырашэнні мы асабліва не бачым, — заявіў ён. — Больш за тое, да ўсіх шматлікіх праблем дадаліся яшчэ так званыя анлайн-чэкі, якія неабходна браць ад ІП Расейскай Федэрацыі. Прадпрымальнікі не ведаюць, якой будзе адказнасць, калі не будзе гэтых анлайн-чэкаў, а таксама хто будзе адказваць, калі анлайн-чэкі ў наяўнасці прызнаюць несапраўднымі. Мы пасылалі запыты ў дзяржорганы, але зразумелых адказаў да гэтага часу не атрымалі”.

„Акрамя таго, форум будзе актуальным на фоне таго, што Міністэрства па падатках і зборах вывучае розныя меркаванні аб увядзенні патэнтаў і працы па спрошчанай сістэме, пра што мы неаднаразова казалі. Адназначна, у гэтым плане нашы форумы прыносяць вынікі. І для таго, каб не спыняцца на дасягнутым і трымаць у тонусе ўсіх і ўся, мы правядзем чарговы форум у верасні”, — сказаў лідар „Перспектывы”.

Шумчанка адзначыў, што правесці форум у пачатку восені было вырашана шмат у чым з-за зваротаў прадпрымальнікаў з рэгіёнаў. ІП устрывожаныя тым, што ім у працы даводзіцца сутыкацца з новымі праблемамі, у той час як старыя не вырашаныя.

На мінулым тыдні прадстаўнікі малога бізнесу з рэгіёнаў Беларусі звярнуліся ў „Перспектыву” з просьбай тэрмінова правесці форум. Сярод іншага яны прапанавалі абмеркаваць новыя пагрозы для працы беларускіх ІП з калегамі з Расеі ў святле заканадаўчых зменаў у суседняй дзяржаве.

Прадпрымальнікі з рэгіёнаў падкрэслілі, што сёння асабліва важна абмяркоўваць праблемы, і выключылі магчымасць якіх-небудзь забастовак. „Калі ў 2016 годзе мы маглі дазволіць сабе забастоўку, як бы цяжка нам ні было, то зараз гэта будзе больш складана, таму што нашу нішу канчаткова зоймуць азіяты. [Правяральшчыкі] не будуць іх чапаць два гады, а затым проста зваляць у туман, але нас, ІП, як класа ўжо не будзе”, — гаворыцца ў звароце.

Апошні форум прадпрымальнікаў, які прайшоў у Менску 23 красавіка, сабраў прыблізна 200 чалавек з 18 гарадоў Беларусі. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі праблему зніжэння колькасці ІП, занятых у раздробным гандлі. Кіраўніцтва „Перспектывы” на гэтым форуме прапанавала ўладам прыняць новую канцэпцыю развіцця малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, сутнасць якой заключаецца ў сегментаванай працы дзяржавы па кожным з кірункаў бізнесу і стварэнні камфортных умоў працы, „зыходзячы з патрэбаў і пажаданняў кожнага сегмента”.

belapan.by

[manual_related_posts]