Чыгуначны лагістычны цэнтр пабудуюць пад Берасцем



Чыгуначны лагістычны цэнтр па перагрузцы тавараў з Усходу на Захад і назад плануецца пабудаваць пад Берасцем.

Пра гэта 13 лютага паведаміў старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс на сустрэчы з работнікамі і студэнтамі Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта.

„Грузы не могуць трапіць у Еўропу, не перайшоўшы з шырокай каляіны на вузкую. Мы ў любым выпадку будзем іх перагружаць. У гэтым плане Кітай вельмі зацікаўлены. І мы сёння прапрацоўваем пытанне, каб ствараць лагістычны цэнтр па перагрузцы грузаў у Берасці. Мы рыхтуем пляцоўкі для гэтага”, – сказаў губернатар.

Ён адзначыў, што перамовы вядуцца з кампаніямі, якія нядаўна здалі аб’ект у Балбасава. „Мы з імі дамаўляемся, што яны будуць рабіць у нас чыгуначны лагістычны цэнтр у напрамку Высокага. Там ёсць вузкая каляіна, па якой з Польшчы чыгуначны транспарт можа заходзіць, і тут яго адразу будуць загружаць”, – растлумачыў Анатоль Ліс.

Па афіцыйных дадзеных, у 2017 годзе Кітайская Народная Рэспубліка паставіла на рынак Еўразвяза сваіх тавараў больш чым на $ 500 млрд – больш, чым Злучаныя Штаты. „Таму, натуральна, мы павінны выкарыстоўваць сваю вельмі выгаднае геаграфічнае становішча. Але мы зацікаўлены і ў тым, каб больш нашых тавараў паступала на кітайскі рынак”, – рэзюмаваў кіраўнік рэгіёну.

zviazda.by