Чысты прыбытак беларускіх арганізацый за 12 месяцаў скараціўся амаль у 50 разоў



Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый у студзені 2018 года ў параўнанні са студзенем 2017-га знізілася з 1.767 да 1.745, або на 1,2%, іх удзельная вага — з 24,9 да 24,6%.

Чысты прыбытак арганізацый склаў 12 млн рублёў, што ў 48,4 разу менш, чым у студзені 2017 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 172,8 млн (у 4,3 разу менш).

Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 17,6% да 1 млрд 247,4 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу і рэалізаванай прадукцыі засталася на ўзроўні мінулага года і склала 9,4 і 7,5% адпаведна.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў наяўных цэнах склала 16 млрд 522,5 млн рублёў, або на 17,5% больш, чым у студзені 2017 года.

Пры гэтым сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у студзені 2018-га ў параўнанні са студзенем 2017 года павялічыўся на 17,9% да 13 млрд 294 млн рублёў.

Між тым яшчэ ў 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка назваў зніжэнне ўсіх відаў выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі стратэгічным напрамкам павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі. Перад дзяржорганамі была пастаўленая задача забяспечыць зніжэнне сабекошту прадукцыі на чвэрць.

Раней у каментары БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Яраслаў Раманчук выказаў меркаванне, што зніжэнне сабекошту ў дырэктыўнай эканоміцы немагчымае. „Яна не прадугледжвае магчымасці хуткага банкруцтва і ліквідацыі дрэнных праектаў і актываў, ідзе перакладанне дадатковых выдаткаў на куплю сыравіны і камплектавальных на канчатковую цану тавару. А канкурэнтная яна ці не, нікога не цікавіць”, — лічыць Раманчук.

„Памылкі ўладаў у эканамічнай палітыцы закладваюцца ў цану, у тым ліку за кошт стварэння наменклатурных камерцыйных пасрэднікаў. Таму і растуць выдаткі”, — заявіў эканаміст.

belapan.by