Чысты прыбытак прадпрыемстваў Менска за год скараціўся амаль на 45%



Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, колькасць стратных арганізацый сталіцы ў студзені-красавіку 2018 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам знізілася на 1,7% — з 346 да 340, а іх удзельная вага — з 23,4 да 23%.

Разам з тым чысты прыбытак сталічных арганізацый склаў 948,7 млн рублёў, або на 44,8% менш, чым у студзені—красавіку 2017 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 1 млрд 260,5 млн (на 37,5% менш). Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 24,9% да 2 млрд 15,5 млн рублёў.

Рэнтабельнасць продажу за студзень-красавік 2018 года склала 9,3% супраць 8,5% за такі ж леташні перыяд, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 12% супраць 10,8%.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый Менска ў наяўных цэнах склала 21 млрд 678,6 млн рублёў, або на 14,2% больш, чым у студзені-красавіку 2017 года.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за год павялічыўся на 13,1% да 16 млрд 834,9 млн руб.

Эканамісты раней выказвалі БелаПАН меркаванне, што хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне. Пры гэтым, паводле ацэнак экспертаў, праблемных прадпрыемстваў значна больш, чым афіцыйна стратных, многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю ніжэй за 5%.

belapan.by