Cувяззю 4G плануюць ахапіць усю Беларусь



Да 2019 года ўрад плануе распаўсюдзіць сувязь чацвёртага пакалення LTE (4G) на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гэта прадугледжана комплексам мер па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады, зацверджаным пастановай Савета міністраў № 18 ад 12 студзеня 2017 года. Дакумент сёння апублікаваны на сайце ўрада.

Пры гэтым ужо ў першым паўгоддзі 2019 года беларускія ўлады маюць намер пачаць распрацоўку плана мерапрыемстваў па ўкараненні сотавай сувязі пятага пакалення (5G) і вызначэнні пілотных зон, дзе будзе тэставацца работа па гэтым стандарце перадачы дадзеных.

У снежні 2015 года аператар „МТС” укараніў сувязь па стандарце LTE у Менску, а ў канцы 2016-га — ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Да канца гэтага года мабільны аператар мае намер зрабіць LTE-сувязь даступнай яшчэ ў 37 населеных пунктах, у тым ліку ў такіх буйных раённых гарадах, як Бабруйск, Барысаў, Кобрын, Ліда, Мазыр і іншыя.

Аператар life:) пачаў прадастаўляць паслугі сувязі 4G са жніўня 2016 года. Сістэма працуе ў Менску і прыгарадзе сталіцы — у пасёлках Прывольны, Лясны, Астрашыцкі Гарадок, Калодзішчы, вёсках Валяр’янава, Тарасава і Самахвалавічы, Вялікае Сціклева і Быкачына, гарадах Смалявічы, Маладзечна і Заслаўе, аграгарадках Ратамка, Ждановічы і Сенніца.

20 студзеня кіраўнік velcom Гельмут Дуз паведаміў журналістам, што ў найбліжэйшы час кампанія разлічвае завяршыць перамовы з інфраструктурным аператарам beСloud пра ўкараненне сувязі чацвёртага пакалення.

Сетку LTE Advanced у Беларусі запусцілі ў камерцыйную эксплуатацыю 17 снежня 2015 года. Яе будаўніцтвам займаецца першы інфраструктурны аператар beCloud для наступнага прадастаўлення яе ў карыстанне ўсім зацікаўленым аператарам.

СТАА „Беларускія воблачныя тэхналогіі” (beCloud) — падкантрольны дзяржаве інфраструктурны аператар, створаны на падставе ўказа прэзідэнта ў 2012 годзе. Дзейнасць beCloud заключаецца ў праектаванні, будаўніцтве, аснашчэнні і эксплуатацыі апорнай сеткі перадачы дадзеных для Адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы дадзеных; рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дадзеных; сеткі чацвёртага пакалення LTE; участка транзітнай магістралі сеткі электрасувязі па тэрыторыі Беларусі.

belapan.by