Даляр і еўра ў Беларусі зноў даражэюць на біржавых таргах



Чарговы тыдзень на валютнай пляцоўцы Беларускай валютна-фондавай біржы пачаўся з прыкметнага росту курсаў замежных валют, сведчаць дадзеныя біржы.

У апошні працоўны дзень на мінулым тыдні, 30 красавіка, назіралася супрацьлеглая дынаміка. Тады курс амерыканскай валюты знізіўся на 0,89%, курс еўра зменшыўся на 0,91%, а курс расейскага рубля вырас на 0,37%. 4 траўня дынаміка прынцыпова змянілася. Курс даляра па стане на 11 гадзін вырас на біржавых таргах на 1,65% да 2,4541 рубля за даляр, курс еўра — на 2,23% да 2,6846 рубля за еўра, курс расейскага рубля знізіўся на 2,22% да 3,2451 беларускага рубля за 100 расейскіх.

Пасля росту на мінулым тыдні ў панядзелак сталі зніжацца цэны на нафту на сусветным рынку, дынаміка якіх мае істотны ўплыў на курс расейскага і беларускага рубля. Кошт ліпеньскіх ф’ючарсаў на нафту маркі Brent 4 траўня апусціўся ніжэй за 26 даляраў за бараль, хоць на мінулым тыдні дасягаў 28 даляраў за бараль.

Зніжэнне цэн на нафту ў панядзелак стала назірацца пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у мінулую нядзелю заявіў, што ЗША разглядаюць магчымасць павышэння пошлін на кітайскія тавары і тым самым могуць прыцягнуць Кітай да адказнасці за ўтойванне інфармацыі пра з’яўленне каронавіруснай інфекцыі.

На фоне зніжэння цэн на нафту курсы даляра і еўра ў Расеі сёння таксама растуць. Так, на ранішніх таргах у панядзелак курс даляра на маскоўскай біржы вырас на рубель да 75,4 расейскага рубля за даляр.

„Дынаміка курсу беларускага рубля будзе залежаць ад сітуацыі на расейскім валютным рынку, на стан якога ўплывае кошт нафты на сусветным рынку”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН фінансавы аналітык Аляксандр Муха.

На яго думку, падзеі на нафтавым рынку будуць уплываць не толькі на курсы замежных валют, але і на стан эканомікі ў Расеі і ў Беларусі.

„Летась на долю Расеі прыпала больш за 40% беларускага экспарту, а па шэрагу беларускіх тавараў доля паставак у Расею значна вышэйшая. У той жа час больш за 55% расейскага экспарту прыпадае на нафтавыя тавары. Цана на нафту з пачатку года паменшылася ўдвая. Адпаведна, гэта негатыўна адаб’ецца на расейскай эканоміцы і па ланцужку закране і Беларусь”, — мяркуе Муха.

Нацыянальны банк Беларусі раней, адказваючы на пытанні БелаПАН, заявіў, што ў краіне, нягледзячы на павышаную валацільнасць, захоўваецца рэжым плаваючага курсу і валютныя інтэрвенцыі будуць ажыццяўляцца ў абмежаваных аб’ёмах.

belapan.by