Даляр ЗША аднавіў гістарычны максімум



У перадапошні дзень зімы даляр ЗША аднавіў гістарычны максімум у дачыненні да беларускай нацыянальнай валюты.

На апошніх лютаўскіх таргах Беларускай валютна-фондавай біржы адзін даляр дасягнуў адзнакі ў 2 рублі і 23 капеек. Рэдактар партала эканамічных навінаў rynak.by Аляксей Харкевіч заўважае, што хістанні курса нацыянальнай валюты ў апошнія тыдні абумоўленыя ў вялікай ступені ўнутранымі прычынамі.

– Асноўная прычына ў тым, што за мінулы год рублёва-грашовая маса ў нас вырасла прыкладна на 20%. То-бок, грошай, як наяўных, так і на дэпазітах, стала на 20 % больш. Паднялі заробкі і г.д. І для таго, каб гэта было абаснавана, ВУП таксама на тую сумму мусіў быў вырасці. Але мы гэтага не назіраем. Таму адпаведна пввінны вырасці цэны. Або павінна скараціцца рублёвая маса. І гэта мы назіраем у студзені гэтага года. Адбываецца такое невялікае сцісканне.

Старшыня Нацбанку Беларусі Павел Калаур, каментуючы сітуацыю з курсам беларускага рубля па стане на сярэдзіну лютага, зазначыў, што хістанне нацыянальнай валюты адбылася праз знешнія ўплывы: сітуацыю з каронавірусам на планеце і нафтавыя спрэчкі гаспадарчых суб’ектаў Беларусі і Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя