Дастаўлены корпус для другога энергаблока БелАЭС
Корпус ядзернага рэактара для другога энергаблока Беларускай АЭС „паспяхова дастаўлены” на пляцоўку збудавання станцыі пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць).
Варта адзначыць, што ў канцы жніўня намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў журналістам, што рэактарны корпус для другога энергаблока павінны даставіць на будпляцоўку БелАЭС у верасні, а яго мантаж павінен пачацца да канца года.
Гэты рэактарны корпус даставілі на БелАЭС узамен таго, які быў пашкоджаны 10 ліпеня 2016 года падчас пробнай устаноўкі. 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад двух да чатырох метраў. Расейскі бок згадзіўся яго замяніць.
Інцыдэнт здарыўся таксама з корпусам рэактара, дастаўленым на будпляцоўку станцыі ў канцы мінулага года. Паводле інфармацыі адміністрацыі БелАЭС, 26 снежня падчас манеўравання на станцыі Слаўнае здарылася „нязначнае дакрананне ахоўнага металічнага транспартнага кажуха звышнегабарытнага грузу, які перавозіўся, да апоры кантактнай сеткі”. Пашкоджанняў на корпусе рэактара не выявілі.
Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расеі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вада-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.
belapan.by
