Дэлегацыя дзелавых колаў Барселоны плануе наведаць Менск



Дамоўленасць аб арганізацыі візіту дасягнутая 18 ліпеня ў Барселоне падчас прыёма грамадзян, які правеў пасол Беларусі ў Францыі і Іспаніі (па сумяшчальніцтве) Павел Латушка.

Як паведамляе прэс-служба беларускага пасольства, дасягнутая таксама дамоўленасць аб удзеле прадстаўнікоў Беларусі ў Фестывалі славянскіх культур, які будзе праводзіцца ў аўтаномнай вобласці Каталонія (Іспанія) у сакавіку 2019 года.

Падчас прыёму грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Барселоне, атрымалі адказы на пытанні наконт грамадзянства, абмену пашпартоў, атрымання дазволаў на пастаяннае пражыванне за мяжой, консульскага ўліку, парадку атрымання грамадзянамі Іспаніі віз для ўезду ў Беларусь.

Пасол Беларусі правёў перамовы з выканаўчым дырэктарам адвакацкай кампаніі Balcells Group аб арганізацыі мерапрыемстваў гандлёва-эканамічнага характару, бізнес-прэзентацый, а таксама магчымасці падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж адвакацкай кампаніяй і адным з адвакацкіх агенцтваў Беларусі.

Таксама 18 ліпеня ўпершыню адбылася прамая лінія пасольства, падчас якой беларускія грамадзяне, што жывуць у Іспаніі, маглі атрымаць адказы на свае пытанні ў групе пасольства ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.

belapan.by