Доля расходаў бюджэту на абслугоўванне дзярждоўгу склала 12%



У першым паўгоддзі на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу было накіравана каля 12% (905 млн рублёў) ад сукупных расходаў рэспубліканскага бюджэту.

Пры гэтым у студзені—чэрвені 2016 года аб’ём такіх выдаткаў склаў 868 млн рублёў (11,5%). Такія звесткі прыведзеныя ў артыкуле начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Мінфіна Алены Печань, апублікаваным у апошнім нумары часопіса „Финансы, учет, аудит”, які выдаецца міністэрствам.

Паводле даных Мінфіна, да канца года на пагашэнне і абслугоўванне даўгавых абавязацельстваў трэба будзе накіраваць яшчэ каля 3,1 млрд рублёў. Практычна ўсе выплаты па дзяржаўным доўгу намінаваныя ў замежнай валюце.

„У студзені—чэрвені 2017 года на пагашэнне дзяржаўнага доўгу было накіравана 2,6 млрд рублёў, з іх ільвіная доля (98%) — у замежнай валюце”, — адзначыла Печань.

Як паведамлялася раней, у 2018 годзе валютныя плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу чакаюцца на ўзроўні 3,7 млрд долараў (супраць 3,4 млрд у 2017 годзе).

Камітэт дзяржкантролю лічыць, што рост дзяржаўнага доўгу стаў „найважнейшай праблемай” для бюджэту.

Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў у чэрвені гэтага года, звярнуў увагу на парадаксальную сітуацыю: бюджэт на працягу апошніх шэрагу гадоў фармуецца з прафіцытам, і гэта „па логіцы павінна прыводзіць да зніжэння велічыні дзярждоўгу, аднак па факце ён павялічваецца”.

„Гэта звязана з тым, што на яго пагашэнне накіроўваецца нязначная частка прафіцыту. Так, у 2016 годзе 50% прафіцыту было накіравана на павелічэнне долі дзяржавы ў статутных фондах арганізацый, 35,3% — на выкананне абавязацельстваў па гарантыях урада і толькі 2,4% — на пагашэнне даўгавых абавязацельстваў”, — канстатаваў Курлыпа.

belapan.com