Другі беларускі спадарожнік плануюць запусціць у 2021



Другі беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандавання Зямлі (ДЗЗ) плануецца запусціць на арбіту ў 2021 годзе, паведаміў на прэс-канферэнцыі 21 студзеня ў Менску старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Варта зазначыць, што вясной мінулага года намеснік дырэктара прадпрыемства „Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Барыс Чарнуха заяўляў журналістам, што другі беларускі спадарожнік ДЗЗ плануецца запусціць у 2023 годзе.

Паводле слоў Гусакова, цяпер у Менску знаходзіцца Дзмітрый Рагозін — генеральны дырэктар расійскай дзяржаўнай карпарацыі „Раскосмас”, у супрацоўніцтве з якой НАН распрацавала, стварыла і вывела на арбіту першы беларускі спадарожнік БКА і рыхтуецца да запуску другога.

„Сёння ў нас старшыня „Раскосмаса”. Мы правядзем пасяджэнне з ім, падпішам пагадненне аб стварэнні новага спадарожніка. Мяркуецца, што новы спадарожнік мы запусцім у 2021 годзе. Цяпер распрацоўваецца эскізны праект, вызначаецца фінансаванне, камплектацыя спадарожніка. У асноўным гэта будуць камплектуючыя беларускай вытворчасці — усё, што тычыцца здымачнай апаратуры, праграмнага забеспячэння і гэтак далей”, — сказаў кіраўнік галоўнага навуковага ведамства.

Новы беларускі спадарожнік ДЗЗ, як ён сказаў, плануецца абсталяваць палепшанай оптыкай з прасторавым распазнаваннем меншым за адзін метр (у БКА — 2 м). Паводле слоў кіраўніка НАН, гэта будзе „прынцыпова іншая база і здымачная апаратура, іншае распазнаванне”, спадарожнік будзе „не толькі не саступаць замежным аналагам, але і пераўзыходзіць іх па шэрагу параметраў”.

Гусакоў нагадаў, што тэрмін эксплуатацыі разлічанага на пяць гадоў працы БКА, які быў выведзены на арбіту летам 2012 года, некалькі разоў працягвалі, ён будзе функцыянаваць да 2021 года ўключна. „Гэта раўназначна стварэнню новага спадарожніка, — падкрэсліў ён. — Навукоўцы змаглі перапраграмаваць і працягнуць эксплуатацыю дзейнага спадарожніка без запуску новага. Гэта лічыцца прарывам. Гэта вялікая эканомія. Не трэба ў гэтай сувязі было запускаць новы спадарожнік”, — сказаў навуковец.

„Касмічныя тэхналогіі даюць немалы эфект. Так, напрыклад, у 2019 годзе заказчыкі атрымалі больш за дзве тысячы пакетаў дадзеных па дыстанцыйным зандзіраванні Зямлі высокага распазнавання, якія сумарна пакрываюць плошчу большую за два мільёны квадратных кіламетраў”, — адзначыў кіраўнік НАН.

22 ліпеня 2012 года адбыўся паспяховы запуск першага айчыннага спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі — Беларускага касмічнага апарата. Яго служба разлічаная на пяць гадоў. Пасля дэталёвай дыягностыкі сістэм тэрмін службы БКА двойчы працягвалі — спачатку да 2018 года, а пасля — да 2021-га ўключна.

belapan.by