Дзяржава адклала пытанне аб продажы акцый „Беларусбанка”



„Беларусбанк” зацвердзіў стратэгію свайго развіцця да 2020 года, уласнік банка ў асобе дзяржавы адклаў пытанне аб продажы мінарытарнага пакета акцый банка, паведаміў намеснік старшыні праўлення банка Віктар Перапяліца 26 кастрычніка на III Міжнародным фінансава-банкаўскім форуме дзяржаў — удзельніц СНД „Мінскія дзелавыя сустрэчы”.

„Што да тэмы продажу мінарытарнага пакета акцый, варта адзначыць, што ўласнікам прынята рашэнне ў цяперашні час банк не прадаваць, адкласці гэтае пытанне на больш позні перыяд, а цяпер сканцэнтравацца на трансфармацыі бізнесу”, — сказаў Перапяліца.

Ён адзначыў, што ў кастрычніку гэтага года наглядальны савет зацвердзіў стратэгію да 2020 года, якая прадугледжвае шэраг змен: камерцыялізацыю бізнесу, аптымізацыю выдаткаў, развіццё ІТ-сістэмы і цэнтралізацыю асноўных працэсаў.

Стратэгія прадугледжвае выкананне шэрагу паказчыкаў эфектыўнасці дзейнасці банка. „Ключавыя паказчыкі, на якія згодна з прынятай стратэгіяй мы павінны выйсці: CIR (суадносіны аперацыйных выдаткаў і аперацыйных даходаў) — не больш за 47%, мінімальнае значэнне ўзроўню дастатковасці капіталу — не менш за 14,2%, рэнтабельнасць капіталу — не менш за 11,5%”, — паведаміў Перапяліца.

Паводле яго слоў, у 2016 годзе прыбытак банка склаў 123,9 млн долараў, рэнтабельнасць капіталу  каля 9%.

„Поспех банкаўскага бізнесу залежыць ад кліенцкай базы. На дадзены момант крэдытны партфель банка сфарміраваны на 84% за кошт карпаратыўных крэдытаў, 16% — рознічны партфель. У структуры карпаратыўнага партфеля 57% актываў прыпадае на прамысловасць”, — паведаміў Перапяліца.

Міжнародны фінансава-банкаўскі форум дзяржаў — удзельніц СНД праводзіцца ў Беларусі трэці раз. Сёлета партнёрамі форуму выступілі „Беларусбанк”, лізінгавая кампанія „АСБ Лізінг”, страхавая кампанія „Інгастрах”. Форум прысвечаны абмеркаванню актуальных пытанняў развіцця фінансавага рынку краін СНД.

belapan.by