Дзяржава паўторна выстаўляе на продаж „Брэсцкае піва”



На 16 траўня запланаваны паўторны аўкцыён па продажы дзяржпрадпрыемства „Брэсцкае піва” як маёмаснага комплексу, гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

Згодна з гадавой справаздачай „Брэсцкага піва”, якую апублікавала кампанія, чысты прыбытак піваварнага прадпрыемства ў 2016 годзе склаў 597 тыс. рублёў (супраць страты ў памеры 2,2 млн рублёў у 2015 годзе).

Патэнцыйным інвестарам прапаноўваецца купіць піваварнае прадпрыемства за 17,42 млн рублёў (пачатковая цана прадмета таргоў). Пры гэтым у паведамленні кампаніі ўказваецца, што прызнана, што папярэднія таргі ў форме аўкцыёну па продажы прадпрыемства, запланаваныя на 4 красавіка, „не адбыліся з прычыны таго, што не паступіла ніводнай заявы на ўдзел у аўкцыёне”.

Умовы продажу „Брэсцкага піва” пакуль не мяняюцца і ў параўнанні з таргамі, якія не адбыліся, пачатковы кошт продажу дзяржпрадпрыемства не знізіўся.

Між тым эксперты мяркуюць, што за суму, эквівалентную амаль 9 млн долараў, прадаць „Брэсцкае піва” наўрад ці ўдасца.

„Піўны рынак у Беларусі не расце, рэальныя даходы насельніцтва зніжаюцца. Акрамя гэтага, на рынку сфармавалася жорсткая канкурэнцыя, бо ўжо прысутнічаюць міжнародныя гульцы (Carlsberg, Heineken, Olvi)”, — заявіў БелаПАН былы топ-менеджар беларускай піваварнай кампаніі.

У гэтых умовах, адзначыў суразмоўца БелаПАН, прадаць „Брэсцкае піва” за 9 млн долараў практычна нерэальна. На яго думку, задача сёння павінна стаяць у захаванні „Брэсцкага піва”, раней прызнанага банкрутам, як бізнесу, а не ў дасягненні фіскальных мэтаў.

Пры гэтым эксперты лічаць, што дзяржаве варта было прадаваць „Брэсцкае піва” яшчэ пяць-шэсць гадоў таму, калі піўны рынак краіны рос і да брэсцкага прадпрыемства праяўлялі цікавасць інвестары.

„Дзяржаве варта пазбаўляцца ад няпрофільных актываў і пакідаць за сабой толькі стратэгічныя арганізацыі. Трэба было прадаць прадпрыемствы харчовай прамысловасці інвестарам, калі іх гатовыя былі купляць. Цяпер сітуацыя на піўным рынку змянілася, і актывы, якія раней былі цікавыя інвестарам, страцілі былую прывабнасць”, — рэзюмаваў у каментары БелаПАН былы топ-менеджар піўной кампаніі.

Прадпрыемства „Брэсцкае піва” заснавана ў 1970 годзе, у 2001-м пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства, у 2004—2009 гадах кампанія рэалізавала маштабную мадэрнізацыю. На гэты момант доля дзяржавы ў статутным фондзе прадпрыемства складае 89,7%, сярэдняспісачная колькасць работнікаў ў 2016 годзе — 262 чалавекі.

belapan.by