Дзяржава заплаціць па крэдытах КБМ і “Гарадзенскага шклозавода”



Дзяржава будзе аплачваць працэнты па крэдытах, выдадзеных раней цэментным заводам (ААТ „Беларускі цэментны завод”, „Крычаўцэментнашыфер”, „Краснасельскбудматэрыялы”) і ААТ „Гарадзенскі шклозавод”. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 101 ад 20 лютага, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Працэнты за карыстанне крэдытамі, выдзеленымі адкрытымі акцыянернымі таварыствамі „Ашчадны банк „Беларусбанк” і „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”, гаворыцца ў дакуменце, будуць выплачвацца ў 2020 годзе „за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя пытанні ў галіне прамысловасці, будаўніцтва і архітэктуры, у межах расходаў, вызначаных у бюджэце на гэты фінансавы год на гэтыя мэты”.

Сума асноўнага доўгу на 1 снежня 2019 года ААТ „Беларускі цэментны завод” складае каля 44,5 млн долараў і 40,7 млн рублёў, „Крычаўцэментнашыфер” — 195,3 млн долараў, „Краснасельскбудматэрыялы” — 27 млн долараў, 1,139 млн еўра, 19,1 млн рублёў, „Гродзенскі шклозавод” — 1 млн долараў, 757,3 тыс. еўра, 1,9 млн рублёў.

Пра тое, што ў працы цэментнай і шкляной прамысловасці Беларусі застаецца шэраг праблемных пытанняў, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 26 лістапада 2019 года на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў.

„Пытанні выканання арганізацыямі ўмоў аказання дзяржпадтрымкі і выканання імі зацверджаных графікаў пагашэння запазычанасці знаходзяцца на кантролі і штомесяц разглядаюцца ва ўрадзе. Разам з тым ёсць шэраг праблемных пытанняў: назіраецца падзенне аб’ёмаў экспарту шкла і цэменту, не забяспечваецца поўная загрузка вытворчых магутнасцяў, выкарыстоўваюцца неабгрунтаваныя пасрэдніцкія схемы пры рэалізацыі прадукцыі, а таксама пры закупках сыравіны і матэрыялаў”, — адзначыў Румас.

Цэментная прамысловасць Беларусі прадстаўлена трыма заводамі: ААТ „Краснасельскбудматэрыялы”, ААТ „Беларускі цэментны завод” і ААТ „Крычаўцэментнашыфер” (усе яны ўваходзяць у склад холдынгу „Беларуская цэментная кампанія”). У 2012—2013 гадах на гэтых заводах былі рэалізаваны буйныя інвестыцыйныя праекты, якія дазволілі ўвесці ў строй сучасныя лініі па вытворчасці цэменту сухім спосабам сумарнай гадавой магутнасцю 5,4 млн тон. На мадэрнізацыю трох прадпрыемстваў было затрачана каля 1,1 млрд долараў.

belapan.by

Фота newgrodno.by