Дзярждоўг Беларусі дасягнуў гістарычнага максімуму



Знешні дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 верасня склаў 15,7 млрд даляраў ЗША. З пачатку года ён павялічыўся на 2 млрд даляраў, або на 14,7%, паведамляе Міністэрства фінансаў.

У студзені—жніўні 2017 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 2 млрд 655,8 млн даляраў ЗША. З іх 1.400 млн даляраў — гэта еўрааблігацыі; 600 млн даляраў — сродкі Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця; 353,1 млн долараў — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 190,4 млн долараў — банкаў КНР; 108,7 млн даляраў — ЕБРР; 3,6 мільёна даляраў ЗША — ЕБРР і Паўночнага інвестыцыйнага банка.

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2017 года накіравана 697,8 млн даляраў ЗША: 264,3 млн даляраў — урад Расейскай Федэрацыі; 217,5 млн даляраў — банкі КНР; 176,6 млн даляраў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 38,5 млн. даляраў — ЕБРР; 0,7 млн даляраў — ЗША; 0,2 млн даляраў — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзярждоўг па стане на 1 верасня склаў 9,3 млрд рублёў, ён зменшыўся з пачатку года на 0,9 млрд рублёў, або на 8,7%.

За студзень—жнівень размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 414,1 млн даляраў ЗША. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 997,9 млн даляраў і 170,5 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Беларусі на 1 верасня склаў 39,6 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 2,7 млрд рублёў, або на 7,2%.

Як адзначаюць эксперты, Беларусь даўно трапіла ў даўгавую пятлю — сітуацыю, калі новыя пазыкі накіроўваюцца на абслугоўванне і пагашэнне старых. Таму, нягледзячы на значныя штогадовыя выплаты, знешні дзярждоўг Беларусі не скарачаецца, а толькі расце. Ужо цяпер аб’ём знешняга дзяржаўнага доўгу краіны дасягнуў гістарычнага максімуму, а па выніках верасня, хутчэй за ўсё, будзе новы рэкорд — да наяўнага значэння дададуцца 700 млн даляраў, атрыманых у выглядзе крэдыту ад Расеі.

Сукупныя штогадовыя плацяжы па валютным дзярждоўгу ўжо некалькі гадоў перавышаюць 3 млрд долараў. Беларуская эканоміка не ў стане генерыраваць такую колькасць замежнай валюты, таму даводзіцца пастаянна браць у доўг, указваюць эксперты.

Дзярждоўг Беларусі (у дачыненні да ВУП) набліжаецца да парога эканамічнай бяспекі. Так, ужо на 1 мая 2017 года, без уліку наступных буйных запазычанняў, дзярждоўг складаў 38,6% да ВУП пры парогавым значэнні 45%. Пастаянны рост дзяржаўнага доўгу стаў сур’ёзнай праблемай для бюджэту.

У 2018 годзе Беларусі трэба накіраваць на выплаты па дзярждоўгу 3,7 млрд даляраў (супраць 3,4 млрд у 2017-м).

belapan.com