Дзярждоўг Беларусі вырас з пачатку года на 5,1 млрд рублёў, або на 11,4%



 Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2020 года на 5,1 млрд рублёў, або на 11,4%, і на 1 чэрвеня склаў 49,9 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Знешні дзярждоўг па стане на 1 чэрвеня склаў 16,8 млрд даляраў ЗША, ён зменшыўся з пачатку года на 0,3 млрд даляраў (з улікам курсавых розніц), або на 2,0%.

У студзені—траўні 2020 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 449,3 млн даляраў ЗША: 250,1 млн даляраў — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 141,5 млн даляраў — аблігацыі, якія размяшчаюцца на знешніх фінансавых рынках; 41,4 млн даляраў — Экспартна-імпартнага банка Кітая; 10,6 млн даляраў — МБРР; 5,7 млн даляраў — ЕБРР і Паўночнага інвестыцыйнага банка.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу ў студзені—траўні склала 643,6 млн даляраў ЗША: 289,1 млн даляраў — урад Расейскай Федэрацыі; 209,4 млн даляраў — банкі Кітая; 88,3 млн даляраў — ЕФСР; 54,8 млн даляраў — МБРР; 1,3 млн даляраў — ЕБРР і ПІБ; 0,7 млн даляраў — таварна-крэдытная карпарацыя ЗША.

Унутраная дзяржаўная запазычанасць па стане на 1 чэрвеня склала 9,4 млрд рублёў, яна павялічылася з пачатку года на 0,7 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 7,6%.

У студзені—траўні 2020 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 208,9 млн даляраў ЗША. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 307,4 млн долараў і 161,2 млн рублёў.

У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 млрд рублёў і 6 млрд — на пагашэнне асноўнага доўгу. Больш за 85% выдаткаў будуць звязаныя з выплатамі на карысць Расеі, Кітая і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

У сувязі з пандэміяй беларускія ўлады вырашылі павялічыць ліміт унутранага дзярждоўгу на 1,25 млрд рублёў у 2020 годзе. Акрамя гэтага, урад ініцыяваў перамоўны працэс са знешнімі крэдыторамі аб прыцягненні 3 млрд даляраў.

У чэрвені ўлады Беларусі размясцілі два выпускі еўрабондаў на 1,25 млрд даляраў. Сродкі будуць накіраваны на рэфінансаванне плацяжоў па дзярждоўгу ў гэтым годзе.

belapan.by