Дзяржкаммаёмасць завяршыла рэгістрацыю лясных зямель



Дзяржаўны камітэт па маёмасці завяршыў рэгістрацыю лясных зямель, заявіў журналістам намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці Вячаслаў Абрамаў.

„За мінулыя два гады мы поўнасцю завяршылі рэгістрацыю лясных зямель. Таксама мы практычна падышлі да завяршэння рэгістрацыі зямельных участкаў, якія складаюцца з сельскагаспадарчых зямель”, – адзначыў Вячаслаў Абрамаў. Паводле яго слоў, рэгістрацыя зямель сельгаспрызначэння не завершана толькі на тэрыторыі Менскай і Віцебскай абласцей.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці развівае сістэму дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці на планавай аснове – дзейнічае трэцяя пяцігадовая праграма. „Мерапрыемствы, запланаваныя на 2016 год, выкананы ў поўным аб’ёме. Мы ўпэўнена глядзім на далейшую рэалізацыю ў 2017-2018 гадах”, – сказаў намеснік старшыні камітэта.

У 2016 годзе завершана выпрацоўка новых падыходаў у частцы інвентарызацыі нерухомай маёмасці і праверак яе характарыстык. „Важна, што было распрацавана асобнае комплекснае праграмнае забеспячэнне, якое дае магчымасць фарміраваць адзіны рэсурс, што змяшчае тэхнічныя характарыстыкі нерухомай маёмасці. Кожны спецыяліст па тэхнічнай інвентарызацыі, які працуе з аб’ектамі, робіць гэта ў цэнтральнай базе даных. Гэта дало магчымасць удасканаліць інструменты, тэхналогію і падысці да зніжэння кошту работ ад 5 працэнтаў да 20 працэнтаў у параўнанні з 2015 годам”, – растлумачыў Вячаслаў Абрамаў.

belta.by