Дзяржорганы выпрацоўваюць крытэрыі выбарачных праверак бізнесу



Міністэрствы і ведамствы зараз вызначаюць крытэры, на падставе якіх будуць адбіраць кампаніі для выбарачных праверак, паведаміў ганаровы старшыня Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгій Бадзей.

У кастрычніку 2017 года быў прыняты ўказ прэзідэнта № 376, выданы „ў мэтах мінімізацыі ўмяшання кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб’ектаў прадпрымальніцтва”.

Як раней растлумачыла прэс-служба прэзідэнта, дакумент прадугледжвае замест планавых праверак бізнесу „выбарачныя праверкі, правядзенне якіх у дачыненні да прадпрыемства магчымае толькі пры наяўнасці комплексу падстаў”.

На 1 лютага 2018 года, згодна з указам, улады павінны зацвердзіць крытэрыі для ацэнкі рызыкі парушэння заканадаўства, на падставе якіх кантрольныя органы будуць адбіраць прадпрыемствы для выбарачных праверак.

„Міністэрствы і ведамствы ўжо рыхтуюць крытэрыі, на падставе якіх будуць адбірацца прадпрыемствы для выбарачных праверак„, — сказаў БелаПАН Бадзей. Паводле яго слоў, дзяржорганам даручана распрацаваць бальную сістэму крытэрыяў рызыкі парушэння заканадаўства. На падставе налічаных балаў кантрольныя органы будуць вызначаць кампаніі, куды пойдуць з праверкамі.

У бізнес-супольнасці існуюць асцярогі ў сувязі са стварэннем новай сістэмы праверак. Прэзідэнт раней даручаў выключыць залішняе ўмяшанне кантрольных органаў у дзейнасць бізнесу, а ў гэтым выпадку фармуецца новая сістэма, каб у міністэрстваў і ведамстваў з’яўляліся падставы правяраць бізнес”, — адзначыў Бадзей.

Кіраўнікі бізнес-саюза асцерагаюцца, што бальная сістэма можа стаць інструментам для ініцыявання неабгрунтаваных праверак прыватнага бізнесу. „Налічылі балы і ідуць вас правяраць”, — мяркуе Бадзей.

Прадстаўнікі бізнес-саюзаў лічаць, што спачатку варта выпрацаваць дакладныя крытэрыі прызначэння праверак, якія б падзяляў бізнес, а потым іх зацвярджаць.

На наш погляд, крытэрыі, якія стануць падставай для ініцыявання выбарачных праверак, спачатку трэба дэталёва абмяркоўваць разам з прадстаўнікамі бізнесу, і толькі потым гэтыя крытэрыі зацвярджаць„, — адзначыў старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.  БелаПАН