ЕАБР адзначае запаволенне эканамічнага росту Беларусі



Еўразійскі банк развіцця ў сваім штотыднёвым макраэканамічным аглядзе адзначыў запаволенне эканамічнага росту Беларусі.

„Рост ВУП Беларусі, згодна з ацэнкай ЕАБР, запаволіўся ў ліпені да 3-3,4% год да года з прыблізна 4% месяцам раней. У ліпені істотна аслабла дынаміка апрацоўчай прамысловасці: рост знізіўся да 1,5% год да года з 6,1% у чэрвені ва ўмовах завяршэння актыўнай фазы аднаўлення знешняга попыту”, — гаворыцца ў аглядзе.

Паводле ацэнак экспертаў, падтрымала эканоміку ў ліпені сфера паслуг, што значна кампенсавала зніжэнне ўнёску прамысловасці.

„На фоне скарачэння інвестыцый (мінус 13,4% г/г у ліпені) гэта можа паказваць на ажыўленне спажывецкай актыўнасці ў сувязі з адаптацыяй да ўмоў пандэміі”, — лічаць аналітыкі ЕАБР.

Як паведамлялася, згодна з звесткамі Белстата, ВУП краіны ў першым паўгоддзі вырас на 3,3%. Паводле вынікаў сямі месяцаў гэты паказчык не змяніўся.

На мінулым тыдні стала вядома, што Мінэканомікі павысіла прагноз росту беларускага ВУП у 2021 годзе з 1,8 да 3,3%. Пра гэта заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.

БелаПАН