ЕАБР: Нацбанк можа павысіць стаўку рэфінансавання ў лістападзе-снежні да 10%



На фоне двухзначнай інфляцыі Нацыянальны банк Беларусі можа павысіць стаўку рэфінансавання ў лістападзе-снежні гэтага года да 10%. Такі прагноз зрабілі аналітыкі Еўразійскага банка развіцця ў штотыднёвым аглядзе.

Яны таксама адзначылі, што ў Беларусі крэдыты ў нацыянальнай валюце за дзевяць месяцаў прыраслі на 4,1%. Пры гэтым крэдыты дзяржсектару павялічыліся на 11,1%, а прыватнаму — на 1,8%. „У апошнія месяцы рост крэдытавання крыху актывізаваўся, у большай ступені — у сегменце дзяржсектара. Гэта можа быць звязана ў тым ліку з наяўнасцю прафіцыту банкаўскай ліквіднасці, якая пакуль выліваецца на крэдытны рынак у абмежаваных аб’ёмах”, — зазначаецца ў аглядзе.

Аналітыкі ЕАБР „не чакаюць змякчэння ўмоў крэдытавання ў найбліжэйшыя месяцы, улічваючы чарговае павышэнне Нацбанкам разліковых велічынь стандартнай рызыкі, якія ўплываюць на кошт крэдытавання для насельніцтва і арганізацый”.

У 2021 годзе стаўка рэфінансавання мянялася двойчы. 21 красавіка Нацбанк павысіў яе з 7,75 да 8,5%, 15 ліпеня — да 9,25%.

У верасні спажывецкія цэны да папярэдняга месяца выраслі на 1,3%, да снежня 2020-га — на 7,5%, у гадавым выражэнні — на 10,2%.