ЕАБР: Тэмпы росту беларускай эканомікі працягнуць запавольвацца



Тэмпы росту беларускай эканомікі ў наступныя месяцы 2018 года працягнуць запавольвацца. Такі прагноз робяць аналітыкі Еўразійскага банка развіцця ў майскім макраэканамічным аглядзе.

Як адзначаюць эканамісты банка, тэмпы росту эканомікі Беларусі ў красавіку працягнулі запавольвацца, склаўшы 4% у параўнанні з красавіком папярэдняга года (прырост на 6,6% і 4,4% у гадавым вымярэнні ў лютым і сакавіку адпаведна). У цэлым за студзень—красавік ВУП павялічыўся на 4,8% да аналагічнага перыяду 2017 года.

„Паніжальная дынаміка эканамічнага росту ў гэтым годзе захаваецца, чаму будуць спрыяць больш стрыманы, чым у I квартале, рост інвестыцыйнай актыўнасці і спыненне дзеяння эфекту нізкай базы ў вытворчасці і экспарце нафтапрадуктаў. Па выніках 2018 года, згодна з нашымі прагнозамі, прырост ВУП складзе 3,7%, што будзе максімальным гадавым ростам за апошнія сем гадоў”, — указваюць аналітыкі ЕАБР.

Яны адзначаюць, што, нягледзячы на запаволенне ў красавіку росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці да 7% у параўнанні з красавіком папярэдняга года (7,6% месяцам раней), усе галіны апрацоўчай прамысловасці дэманстравалі ў красавіку ўпэўненае павелічэнне аб’ёмаў выпуску. Асноўным фактарам запаволення выступіла падзенне ў забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай і гарачай вадой на фоне нармалізацыі ўмоў надвор’я.

Значную падтрымку станоўчай дынаміцы прамысловай вытворчасці аказвае пашырэнне знешняга попыту, пра што сведчыць рост экспарту тавараў апрацоўчай прамысловасці, вартасныя аб’ёмы якога па выніках студзеня—сакавіка павялічыліся на 26,4% у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года.

Паводле дадзеных ЕАБР, найбольшы ўклад прыходзіцца на прадукты нафтаперапрацоўкі — каля 22,5% у агульным аб’ёме экспарту тавараў. „І тут варта адзначыць, што ўклад нафтапрадуктаў у тэмпы росту як вартасных і фізічных аб’ёмаў экспарту, так і ВУП у цэлым паступова зніжаецца з-за вычарпання эфекту базы, сфарміраванага перыядам нафтагазавых спрэчак з РФ. Калі ў студзені і лютым гадавы прырост фізічных аб’ёмаў экспарту нафтапрадуктаў складаў 56,6% і 30,3% адпаведна, то ў сакавіку ён запаволіўся да 14,7%, а па выніках мая можа і зусім выйсці ў вобласць адмоўных значэнняў”, — гаворыцца ў аглядзе.

Крыху іншая сітуацыя з вартаснымі аб’ёмамі экспарту, дзе запаволенне росту крыху нівелюецца спрыяльнай цэнавай кан’юнктурай на рынку энерганосьбітаў.

Як адзначаюць аналітыкі, у Беларусі захоўваецца высокая спажывецкая актыўнасць. Аб’ёмы рознічнага тавараабароту за студзень—красавік на 9,7% перавысілі аналагічны перыяд папярэдняга года. Падтрымку попыту працягвае аказваць пашырэнне крэдытавання. У красавіку аб’ём новых крэдытаў насельніцтву ў нацыянальнай валюце склаў 708,8 млн рублёў, што на 62% больш, чым у красавіку 2017 года, і на 7,6% больш, чым за папярэдні месяц. Пры гэтым назіраецца рост дэпазітаў насельніцтва. Аб’ём новых укладаў у нацыянальнай валюце ў красавіку на 60,3% перавысіў аб’ём красавіка 2017 года і на 18,2% папярэдняга месяца, што, на думку эканамістаў ЕАБР, можа тлумачыцца павелічэннем заробкаў.

Гадавая інфляцыя па выніках красавіка запаволілася да 5% з 5,4% месяцам раней. „Стабілізацыі інфляцыйных працэсаў і замацаванню інфляцыі, ніжэйшай за мэтавы арыенцір НБ РБ 6%, спрыяюць нізкія тэмпы росту цэн у краінах — асноўных гандлёвых партнёрах і захаванне ўмеранага ўплыву з боку ўнутранага попыту. Асноўныя інфляцыйныя рызыкі звязаны з высокімі інфляцыйнымі чаканнямі і магчымым далейшым пашырэннем спажывецкага попыту на фоне росту крэдытавання”, — канстатуюць эксперты ЕАБР.

belapan.by