ЕБРР прагназуе рэцэсію ў Беларусі ў 2017 годзе



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прагназуе рэцэсію ў Беларусі ў 2017 годзе на ўзроўні 0,5%, гаворыцца ў майскім аглядзе рэгіянальнай эканомікі.

Раней ЕБРР прагназаваў рост ВУП у Беларусі ў 2017 годзе на 1%.

Як адзначаецца ў майскім аглядзе, у першым квартале 2017 года ВУП вырас на 0,3% у гадавым вылічэнні. Умеранасць росту зарплаты і ў цэлым жорсткая грашова-крэдытная і бюджэтна-падатковая палітыка прывялі да зніжэння інфляцыі да 11,8% у 2016 годзе і далей — да 6,4% у гадавым вылічэнні ў сакавіку 2017-га. Гэта з`яўляецца самым нізкім узроўнем з сакавіка 2010 года.

З пачатку 2017 года Нацыянальны банк зніжаў стаўку рэфінансавання чатыры разы, з 18% у студзені да 14% у красавіку. Дэфіцыт наяўнага рахунку скараціўся з 6,6% ВУП у 2014 годзе да 3,6% ВУП у 2016-м.

Разам з тым, як адзначае ЕБРР, міжнародныя рэзервовыя актывы Нацбанка Беларусі застаюцца на нізкім узроўні і пакрываюць прыкладна два месяцы імпарту.

Банкаўскі сектар працягвае сутыкацца з праблемамі. Па стане на 1 сакавіка 2017 года на долю праблемных крэдытаў прыпадала 13,3%. „У святле гэтых праблем мы прагназуем, што эканоміка Беларусі ў 2017 годзе скароціцца на 0,5% і вернецца да росту 1% у 2018 годзе”, — гаворыцца ў аглядзе рэгіянальнай эканомікі.

Нагадаем, у красавіцкім аглядзе сусветнай эканомікі МВФ таксама прагназаваў захаванне рэцэсіі ў Беларусі. Паводле ацэнак фонду, беларускі ВУП у 2017 годзе скароціцца на 0,8%. Варта адзначыць, што падобнага прагнозу ў дачыненні да працягу рэцэсіі ў Беларусі прытрымліваецца і Сусветны банк, які мяркуе, што ВУП Беларусі ў 2017 годзе можа знізіцца на 1%.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені-сакавіку 2017 года ўпершыню за апошнія два гады вырас на 0,3%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на гэты год прадугледжвае эканамічны рост на 1,7%.

У студзені і лютым 2017 года ВУП Беларусі знаходзіўся ў адмоўнай вобласці. Беларускі ўрад тлумачыў сітуацыю істотным скарачэннем паставак расейскай нафты.

У 2016 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 2,6% у параўнанні з 2015 годам. Мінулы год стаў другім запар у гісторыі незалежнай Беларусі, калі ў краіне назіралася рэцэсія. У 2015 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 3,8%.

Паводле БелаПАН

[manual_related_posts]