ЕБРР спыняе крэдытаванне прыватнага сектара ў Беларусі



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) спыніць крэдытаванне новых праектаў прыватнага сектара ў Беларусі, паведамляе Devex.

На мінулым тыдні кіраўніцтва ЕБРР паінфармавала акцыянераў аб сітуацыі з мігрантамі ў Беларусі і заявіла, што перастане выносіць праекты беларускага прыватнага сектара на ўхваленне рады дырэктараў, паведамляе выданне са спасылкай на крыніцы.

Сярод акцыянераў ЕБРР – ЗША, краіны ЕЗ, Кітай, Расея і Еўракамісія. Еўракамісія падтрымлівала спыненне крэдытавання, у той час як Расея выступала ў абарону беларускіх уладаў. Калі стала зразумела, што новыя праекты для Беларусі не будуць ухвалены парадай, кіраўніцтва банка аб’явіла аб намеры не крэдытаваць нават прыватныя кампаніі.

У мінулым годзе ЕБРР прыпыніў фінансаванне дзяржаўных праектаў у Беларусі. У чэрвені банк аб’явіў аб узмацненні кантролю за фінансаваннем прыватных кампаній у Беларусі, каб выключыць трапленне сродкаў кампаніям, якія звязаны з уладамі, паведамляе reform.by.