ЕБРР зноў пагоршыў эканамічны прагноз па Беларусі



 Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця абнавіў эканамічны прагноз па краінах, у якіх працуе, і пагоршыў ацэнкі развіцця сітуацыі ў Беларусі.

Эканамічныя агляды ЕБРР публікуе раз на шэсць месяцаў. У майскім эканамічным аглядзе банка гаворыцца, што ў 2019 годзе беларуская эканоміка вырасце на 2%, а ў 2020 годзе — на 1,8%.

Пры гэтым у лістападзе 2018 года ЕБРР чакаў, што беларуская эканоміка вырасце ў 2019-м на 2,5%. Такім чынам, у параўнанні з лістападаўскім прагнозам майскі прагноз банка ў дачыненні да Беларусі зніжаны на 0,5 працэнтнага пункта. Варта адзначыць, што ў лістападзе 2018 года ў параўнанні з майскай ацэнкай 2018 года ЕБРР таксама зніжаў на 0,5 працэнтнага пункта прагноз у дачыненні да тэмпаў росту беларускай эканомікі.

На думку эканамістаў ЕБРР, „без глыбокіх структурных рэформаў беларуская эканоміка мае абмежаваны патэнцыял” для росту.

У той жа час, адзначаюць аўтары агляду, рызыкі для эканамічнага росту Беларусі павялічыліся.

„Расійскі „падатковы манеўр” можа значна знізіць даходы беларускай нафтаперапрацоўчай прамысловасці, што паўплывае на фіскальны баланс і скароціць эканамічны і экспартны рост”, — пракаментавалі перспектывы беларускай эканомікі эксперты ЕБРР.

Нагадаем, афіцыйны прагноз беларускіх уладаў прадугледжвае, што беларуская эканоміка вырасце ў бягучым годзе на 4%. У сваю чаргу, эканамісты Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду лічаць, што тэмпы эканамічнага росту ў краіне будуць удвая ніжэйшымі за афіцыйныя.

Згодна з красавіцкай ацэнкай Сусветнага банка, рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 2,2%, у 2020-м — 2,4%, у 2021-м — 2,1%. У параўнанні са студзеньскай ацэнкай Сусветнага банка эканамічны прагноз па Беларусі на 2019—2021 гады пагоршаны на 0,5, 0,1 і 0,4 працэнтнага пункта адпаведна.

Пры гэтым эканамісты Сусветнага банка мяркуюць, што ў выпадку адсутнасці кампенсацыі страт, звязаных з расійскім падатковым манеўрам, беларуская эканоміка можа апынуцца ў стане стагнацыі або рэцэсіі.

Следам за Сусветным банкам эканамічны прагноз у красавіку ў дачыненні да Беларусі пагоршыў і Міжнародны валютны фонд. Згодна з абноўленым прагнозам МВФ, у 2019 годзе беларуская эканоміка вырасце на 1,8%, у 2020 годзе — на 2,2%. У кастрычніку 2018-га МВФ прагназаваў рост беларускай эканомікі ў 2019 годзе на 3,1%.

belapan.by