ЕЭК перанесла разгляд сітуацыі з пастаўкамі беларускага малака ў Расею
Разгляд Калегіяй Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) пытання наконт сітуацыі з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі ў Расею, які быў запланаваны на 19 чэрвеня, перанесены. Аб гэтым паведаміла крыніца ў ЕЭК.
Калегія ЕЭК ужо разглядала 13 чэрвеня па ініцыятыве Мінэканомікі Беларусі пытанне аб увядзенні Рассельгаснаглядам з 6 чэрвеня часовых абмежаванняў на пастаўкі ў Расею беларускай малочнай прадукцыі. Паводле слоў дырэктара Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі ЕЭК Станіслава Бубена, тады ўсе члены калегіі ЕЭК адзначылі парушэнне Рассельгаснаглядам норм права Еўразійскага эканамічнага саюза.
Аднак ніякага рашэння не было вынесена з-за таго, што падрыхтаваны Дэпартаментам функцыянавання ўнутраных рынкаў ЕЭК праект рашэння меў агульны характар і не адпавядаў у поўнай меры патрабаванням беларускага боку. У прыватнасці, член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Сяргей Сідорскі заявіў аб неабходнасці карэкціроўкі праекта рашэння з тым, каб у ім была адлюстравана просьба да ўрада Расеі па адмене ўказання Рассельгаснагляду, якім неправамерна ўведзеныя абмежаванні, а таксама неабходнасць забеспячэння абавязковага выканання Рассельгаснаглядам норм дагавора аб ЕАЭС і рашэння Савета ЕЭК аб парадку ўзаемадзеяння ўпаўнаважаных органаў бакоў пры ўвядзенні часовых ветэрынарных мер.
belapan.by
