ЕФСР адклаў выдзяленне Беларусі 200 млн долараў



Савет Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) прыняў рашэнне даць Беларусі пяты транш фінансавага крэдыту на 200 млн долараў ЗША пасля выканання дзвюх папярэдніх умоў.

Як паведамляе еўразійскі фонд, наяўнасць папярэдніх умоў пералічэння траншу тлумачыцца невыкананнем Беларуссю „некалькіх індыкатыўных умоў выдзялення пятага траншу, з якіх па трох умовах дадзены вызваленні”.

Савет ЕФСР пастанавіў, што для атрымання пятага траншу крэдыту беларускім уладам „неабходна самым найбліжэйшым часам” прыняць распараджэнне прэзідэнта аб перадачы ў камунальную ўласнасць не менш за 20 дзяржаўных прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання.

Акрамя гэтага, беларускія ўлады павінны пагадзіцца ўключыць ва ўмовы сёмага траншу ў якасці кантрольнага паказчыку прыняцце закона „Аб неплацежаздольнасці або банкруцтве”.

„Пяты транш будзе выдзелены Рэспубліцы Беларусь пасля атрымання Еўразійскім банкам развіцця (банк з`яўляецца Кіраўніком сродкамі ЕФСР), дакументальнага пацверджання выканання двух вышэйзгаданых умоў беларускімі ўладамі”, — гаворыцца ў паведамленні ЕФСР.

Еўразійскі фонд таксама адзначае, што „ў сувязі з поспехамі улад Беларусі ў дасягненні макраэканамічнай стабілізацыі” ЕФСР даў вызваленне па дзвюх раней вылучаных умовах атрымання пятага траншу: па максімальнаму парогу шырокай грашовай масы і абмежаванню долі дзяржаўнага сектара ў вытворчасці валавога дададзенага кошту.

Таксама уладам Беларусі было дадзена вызваленне па ўнясенні змяненняў у закон „Аб нарматыўна-прававых актах”, якія прадугледжваюць ўкараненне інстытута ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння нарматыўна-прававых актаў на ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў сувязі з тым, што парламент прыняў рашэнне паўторна разгледзець дадзены праект закона на сваёй асенняй сесіі.

Беларускія ўлады вясной 2016 года падпісалі крэдытную праграму аб атрыманні з Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця крэдыту на 2 млрд долараў, які выдзяляецца ў 2016—2018 гадах сямю траншамі. На гэты час Беларусь атрымала чатыры траншы на 1,4 млрд долараў. Для атрымання ўсіх траншаў беларускія ўлады павінны выканаць умовы крэдытнай праграмы, якая распрацавана сумесна з ЕФСР.

belapan.by