Эканамічны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі ААТ „Бабруйскбудкомплекс”
Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прыняў рашэнне аб ліквідацыі ААТ „Бабруйскбудкомплекс”, адміністрацыйны будынак якога перашкаджае аднаўленню першапачатковага аблічча каталіцкага храма.
Адміністрацыйны будынак „Бабруйскбудкомплексу” быў пабудаваны ў савецкія часы ўшчыльную да каталіцкага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на месцы знесенай вежы культавага збудавання. Вернікі гатовыя самі разабраць гэты будынак, каб аднавіць першапачатковае аблічча касцёла.
У студзені ў дачыненні да „Бабруйскбудкомплексу” была распачата вытворчасць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве). У красавіку эканамічны суд устанавіў наяўнасць у даўжнiка крэдыторскай запазычанасці звыш 37,9 млн рублёў пры агульным кошце маёмасці прадпрыемства каля 41,1 млн рублёў. Была адкрыта конкурсная вытворчасць.
Як паведаміў БелаПАН конкурсны кіраўнік Арцём Жукоўскі, суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі „Бабруйскбудкомплексу”, паколькі прадпрыемства не можа разлічыцца па даўгах. Цяпер у гэтай будаўнічай арганізацыі працуе каля 120 чалавек. Што тычыцца адміністрацыйнага будынка, то ён, як і іншая маёмасць прадпрыемства, будзе прададзены з таргоў. Яго балансавы кошт складае 247 тыс. рублёў, але канчатковы кошт вызначыць ацэначная камісія, якая цяпер працуе, адзначыў Жукоўскі.
У 1989 годзе мясцовыя ўлады вырашылі перадаць будынак касцёла вернікам, але перадалі толькі яго частку — без шматпавярховай прыбудовы, якая належала тады ўнітарнаму камунальнаму прадпрыемству „Бабруйскі домабудаўнічы камбінат”. У 2012 годзе камбінат быў ператвораны ў ААТ „Бабруйскбудкомплекс”, якое выйшла з гарадской камунальнай уласнасці, а прыбудова, прычым з часткай агульнай з касцёлам сцены, была прыватызаваная. Вернікі лічаць, што прыватызацыя была праведзена незаконна, паколькі пра гэта не пыталіся іх як уладальнікаў часткі гэтага будынка.
ААТ „Бабруйскбудкомплекс” зарэгістравана ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў на падставе рашэння Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 28 лютага 2013 года. Доля дзяржаўнай уласнасці ў статутным фондзе прадпрыемства складае 100%.
belapan.by
