Экспарт афтальмалагічных паслуг – каля 100 тысяч даляраў



За 2018 год экспарт медыцынскіх паслуг Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра, які працуе на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы, склаў каля 100 тысяч даляраў, паведаміў журналістам урач-афтальмолаг вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый Абельскі.

Паводле яго слоў, звяртаюцца замежнікі па перасадку рагавіцы, увядзенне VEGF-прэпаратаў, паслугі рэфракцыйнай хірургіі, лазернай хірургіі, лячэнне глаўкомы. Усе хірургічныя аперацыі ў клініцы беларусам, акрамя лазернай карэкцыі зроку, выконваюцца бясплатна.

Па лазерную карэкцыю зроку ў клініку звяртаюцца пацыенты з Вялікабрытаніі, Германіі. Многія з пацыентаў — выхадцы з Беларусі, якія пражываюць у іншых краінах, а лячыцца прыязджаюць на радзіму. „Цяпер папулярная так званая часовая медыцынская реіміграцыя, — сказаў ён. — Прыцягваюць замежных пацыентаў у Беларусь, у першую чаргу, суадносіны кошт — якасць. Людзі разумеюць, што за тую ж суму тут яны атрымаюць значна больш, чым там, дзе жывуць. У нас была цэлая група пацыентаў з Вялікабрытаніі, якія прыехалі на лазерную карэкцыю зроку. Тут ім выконвалі тую ж аперацыю, на тым жа абсталяванні, але ў іх яшчэ засталіся грошы на сувеніры”.

Таксама ў клініку прыязджаюць пацыенты з шматкроць аперыраванай у розных краінах глаўкомай. У асноўным гэта Украіна, Расія, Сірыя, Лівія, Судан, Ірак, Туніс. „Мы для іх як апошняя інстанцыя, — распавяла галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя Таццяна Імшанецкая. — Як правіла, гэта вельмі цяжкія пацыенты, псіхалагічна яны ўжо настроеныя на пошук месца, дзе атрымаецца захаваць хаця б тое, што ёсць, таму што пры іх паталогіях ніякіх цудаў ужо не можа адбыцца”.

Як паведаміла загадчыца аддзела па пазабюджэтнай дзейнасці бальніцы Аміна Хадад, кошт перасадкі рагавіцы для замежніка складае ад 2,5 тыс. да 3,5 тыс. даляраў з улікам знаходжання ў стацыянары. „Гэтая паслуга, напэўна, у нас на першым месцы па папулярнасці, бо ў нас прыняты закон „Аб трансплантацыі органаў і тканак”, а ў найбліжэйшых краінах СНД яго няма. У асноўным па гэтую паслугу едуць грамадзяне Расіі, Украіны, Азербайджана”, — распавяла яна.

Лазерная карэкцыя зроку абыдзецца прыкладна ў тысячу долараў. Тут розніца ў кошце для замежнікаў і беларусаў невялікая, у 100-200 долараў, адзначыла Хадад. „Для беларусаў у нацыянальнай валюце гэта сума каля 1.500—1.800 рублёў, для замежнікаў — 1.600—2.200 рублёў”, — сказала яна. — У Маскве, напрыклад, апераванне аднаго вока метадам femto-lasik каштуе 1,5 тысячы долараў, а ў Беларусі пацыент можа за гэтыя грошы праапераваць два вокі і аплаціць квіткі туды і назад”.

Лячыць катаракту прыязджаюць у асноўным з усходніх краін — Ірака, Іарданіі, Йемена, Судана. Кошт хірургічнага лячэння для замежнікаў (без кошту хрусталіка) складае 800 рублёў. Кошт імпартнага хрусталіка можа дасягаць паўтары тысячы даляраў.

Пры гэтым беларускія пацыенты могуць выбраць хрусталік як беларускай вытворчасці, які будзе бясплатным, так і замежнай.

„У параўнанні з замежнымі клінікамі нашы цэны на паслугі па большасці кірункаў канкурэнтаздольныя. І да нас едуць, не толькі ў Менск, але і ў Гомель, у Берасце, нават пры тым, што такія ж умяшанні можна зрабіць, напрыклад, у той жа Украіне”, — адзначыў Абельскі.

Паводле яго слоў, афтальмалогія — галіна, што вельмі дынамічна развіваецца. „На сёння мы не адстаем ад сусветных тэндэнцый і магчымасцяў, таму канкурэнтаздольныя”, — растлумачыў лекар.

БелаПАН

Фота: zviazda.by