Экспарт калійных угнаенняў скараціўся больш як на чвэрць



Экспарт калійных угнаенняў знізіўся ў грашовым выражэнні на 27,6% у студзені-лістападзе 2016 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.

У грашовым выражэнні экспарт калійных ўгнаенняў за 11 месяцаў мінулага года склаў 1,83 млрд долараў.

У фізічным выражэнні экспарт калійных угнаенняў склаў у студзені-лістападзе 5,1 млн тон (у пераліку на 100% дзейнага рэчыва) і скараціўся на 2,2%.

Непрапарцыйнае зніжэнне экспарту угнаенняў у фізічным і грашовым выражэнні абумоўленае тым, што сярэдняя цана тоны экспартаваных угнаенняў у студзені-лістападзе 2016 года знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года на 26% да 358 долараў за тону (у пераліку на 100% дзейнага рэчыва ).

Кіраўніцтва „Беларуськалія” бачыць некалькі прычын падзення цэн на сусветным рынку хлоркалію ў 2016 годзе.

„Крызісныя з’явы на сусветным рынку калію, нізкая пакупніцкая здольнасць нашых асноўных замоўцаў, позняе падпісанне некаторых асноўных кантрактаў прывялі да зніжэння кошту калійных угнаенняў на знешніх рынках”, — адзначыў гендырэктар „Беларуськалія” Іван Галаваты, падводзячы вынікі ў канцы 2016 года ў газеце „Калийщик Солигорска”, якую выдае прадпрыемства.

Паводле слоў кіраўніка, нягледзячы на складанасці, з якімі кампанія сутыкнулася ў 2016 годзе, прадпрыемства працягвае рэалізацыю важных інвестпраектаў, скіраваных на развіццё вытворчых магутнасцяў.

„З мэтай утрымання лідарскіх пазіцый як аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калію ў свеце, захавання патэнцыялу ААТ „Беларуськалій” як асноўнага сусветнага экспарцёра мінеральных угнаенняў наша прадпрыемства рэалізуе больш за восем дзясяткаў будаўнічых праектаў, якія дазволяць нам павялічваць прадукцыйнасць працы, павышаць выманне карыснага кампанента, якасць нашай прадукцыі і, самае галоўнае, змяншаць выдаткі на вытворчасць”, — паведаміў Галаваты.

ААТ „Беларуськалій” — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных мінеральных угнаенняў. Звыш 90% вырабленай прадукцыі прадпрыемства ідзе на экспарт (больш як у 90 краін свету). Згодна са звесткамі Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на беларускае прадпрыемства прыпадае сёмая частка сусветнага аб’ёму вытворчасці калійных угнаенняў.

belapan.by