Экспартаваць круглы лесаматэрыял у наступным годзе забароняць



Аляксандр Лукашэнка дазволіў сёлета экспартаваць круглы лесаматэрыял апошні раз, паведаміў журналістам 30 студзеня ў Ждановічах міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч перад пасяджэннем калегіі паводле вынікаў года ў адказ на просьбу пракаментаваць вынікі нарады ў кіраўніка дзяржавы 24 студзеня.

Як паведамлялася раней, паводле вынікаў нарады Лукашэнка дазволіў у 2017 годзе экспартаваць 1,8 млн куб. м неапрацаванай драўніны. Ён папярэдзіў, што надалей уся драўніна павінна перапрацоўвацца ў Беларусі. Апошняе рашэнне тлумачыцца тым, што яшчэ не на ўсіх прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці завяршылася мадэрнізацыя.

Амельяновіч нагадаў, што экспарт круглых неапрацаваных лесаматэрыялаў быў забаронены ўказам яшчэ ў 2015 годзе. „Але прэзідэнт казаў: калі ў вас будзе лішак драўніны і не будзе поўнага збыту ўнутры краіны, пры звароце да кіраўніка дзяржавы можна атрымліваць дазвол на экспарт круглага лесаматэрыялу”, — растлумачыў міністр. Паводле яго слоў, летась было дазволена экспартаваць 3,7 млн кубаметраў, было пастаўлена на экспарт 2,8 млн. Асноўная прычына недапаставак: „унутраны рынак стаў працаваць, больш купляць і перапрацоўваць на ўнутраным рынку — на 800 тыс. куб. м больш, чым у 2015 годзе”.

Паводле слоў Амельяновіча, Мінлясгас зноў звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай дазволіць экспарт 1,8 млн куб. метраў і ў 2017 годзе, бо ёсць лішак круглага лесаматэрыялу. „Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па гэтым пытанні, каб пераканацца, наколькі загружаныя магутнасці нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў і ці ёсць свабодная рэшта і магчымасць экспарту. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што дае дазвол апошні раз”, — паведаміў міністр.

Ён адзначыў, што з 2018 года ўся драўніна будзе перапрацоўвацца ўнутры краіны як на дзяржаўных, так і на прыватных прадпрыемствах. Міністр адзначыў, што завяршаецца мадэрнізацыя прадпрыемстваў канцэрна „Беллеспаперапрам”. Сёлета плануецца запусціць Светлагорскі ЦКК, які будзе перапрацоўваць 2,4 млн кубаметраў драўніны ў год. „Гэта той аб’ём, які мы раней экспартавалі. Нашы прадпрыемствы трэба загрузіць, каб яны працавалі з поўнай нагрузкай. Тады ўсе, што вырашчана і нарыхтавана лесаводамі, будзе накіравана туды на перапрацоўку”, — сказаў Амельяновіч.

belapan.by