Эксперт: Наша архаічная эканоміка неканкурэнтаздольная



Беларусь па долі высокатэхналагічных вытворчасцяў адстае ад развітых краін у тры разы,  па ўзроўні прадукцыйнасці працы — у чатыры-пяць разоў. Такія дадзеныя прыводзяцца ў дакладзе дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Аляксандра Чарвякова. Даклад апублікаваны у апошнім нумары „Эканамічнага бюлетэня”.

Эканаміст Леў Марголін ставіць пытанне, чаму за 25 гадоў сувярэннай дзяржавы Беларусь не наблізілася па паказчыку прадукцыйнасці працы да развітых краін. І сам на яго адказвае:

– Прычына навідавоку – наша эканоміка як была ў пачатку 90-х гадоў, так і застаецца нерэфармаванай. А нерэфармаваная эканоміка ў эпоху глабалізацыі, калі знікаюць міждзяржаўныя граніцы, калі кожная краіна імкнецца атрымаць для сябе інвестараў з самымі перадавымі тэхналогіямі і робіць для гэтага ўсё магчымае, у такой сітуацыі наша архаічная эканамічная сістэма неканкурэнтаздольная. Гэтае адставанне захавалася, і я баюся, што далей яно будзе толькі павялічвацца.

Як ў сваю чаргу адзначае ў сваім дакладзе Аляксандар Чарвякоў,  на працягу многіх гадоў эканамічная мадэль Беларусі “грунтавалася на традыцыйных механізмах эканамічнага росту”, а гэта, да прыкладу, прамое субсідаванне асобных дзяржаўных прадпрыемстваў. Але фактары, якія раней забяспечвалі рост эканомікі, паступова сталі гэты рост стрымліваць, а працэс узмацнілі крызісныя з’явы на сусветным рынку. Як следства, галіновая структура ня зведала істотных зменаў, “таму эканоміка засталася высоказатратнай і нізкатэхналагічнай”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Народная Воля