Эксперт: Рынак другаснага жылля ў Менску стабілізаваўся



Рынак другаснага жылля ў Менску стабілізаваўся, і значных скачкоў цэн чакаць не варта. Такое меркаванне выказала ў каментары БелаПАН намеснік дырэктара па продажах на другасным рынку жылля агенцтва нерухомасці „Твая сталіца” Святлана Кудзелка.

„Так, цэны за апошнія паўгода ў сярэднім выраслі на 8-10%, але пры гэтым канкурэнцыя паміж прадаўцамі за кошт павелічэння колькасці выстаўленых на продаж кватэр вырасла больш чым на 25%. Па некаторых тыпах кватэр цэны ў параўнанні з вясновым узроўнем ужо крыху знізіліся”, — адзначыла яна.

Паводле звестак агенцтва, цэны здзелак з кватэрамі стандартных якасцяў у траўні 2018 года склалі: для аднапакаёвых кватэр — 1.220 долараў за 1 квадратны метр (гатовых да пражывання — 1.520), двухпакаёвых — 1.130 (1.350), трохпакаёвых — 1.090 (1.200).

Паводле слоў Кудзелкі, колькасць прапанаваных на продаж кватэр хуткімі тэмпамі працягвае набліжацца да 7 тысяч. „Калі абапірацца на практыку мінулых гадоў, то пасля перавышэння гэтай адзнакі можа пачацца дысбаланс — перавышэнне прапановы над попытам. І тады трэба будзе ўжо думаць не пра рост цэн, а пра тое, каб яны не пайшлі ўніз. Акрамя таго, на цэны цісне зніжэнне попыту”, — заўважыла намеснік дырэктара.

Зніжэнне попыту пацвярджаецца таксама і звесткамі па здзелках — колькасць штомесяц прадаваных кватэр зніжаецца да свайго традыцыйнага ўзроўню з 1.400 да 1.100 кватэр.

На думку суразмоўцы, з кожным годам уплыў сезоннасці на пакупніцкую актыўнасць памяншаецца. „Таму цалкам магчыма, што ў сезон адпачынкаў бягучага года істотнага зніжэння попыту не будзе”, — лічыць яна.

„Актывізацыю пакупнікоў мы чакаем ужо са жніўня, але значнага скачка колькасці здзелак з прыходам восені мы не чакаем, як і якога-небудзь росту коштаў рэальных здзелак. Прычына ў тым, што ўзрослая у параўнанні з летам актыўнасць пакупнікоў будзе толькі збольшага ўраўнаважваць аб’ём прапановы кватэр на продаж, які працягвае павялічвацца”, — сказала эксперт.

На яе думку, адзінае выключэнне могуць складаць гатовыя да пражывання кватэры (са свежым рамонтам і, магчыма, мэбляй), размешчаныя ў дамах маладзейшых за 2000 год пабудовы. „Попыт на іх працягвае заставацца стабільным”, — падагуліла Кудзелка.

belapan.by