Эксперты місіі МАГАТЭ пачалі вывучэнне фізічнай абароны на БелАЭС



Эксперты місіі МАГАТЭ па пытаннях фізічнай абароны аб’ектаў выкарыстання атамнай энергіі (місія IPPAS) 30 чэрвеня пачалі працаваць непасрэдна на пляцоўцы Беларускай АЭС, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

На станцыі эксперты ацэняць нацыянальны рэжым гарантавання фізічнай бяспекі ядзернага матэрыялу і ядзерных установак, сістэму фізічнай абароны ядзернага матэрыялу пры транспарціроўцы, а таксама азнаёмяцца з узроўнем інфармацыйнай і камп’ютарнай бяспекі.

На БелАЭС экспертная група прапрацуе да 1 ліпеня ўключна.

Як паведамлялася, місія IPPAS у Беларусі праходзіць 28 чэрвеня — 9 ліпеня. Яе ўзначальвае ганаровы член адміністрацыйна-тэхнічнага складу даследчай лабараторыі Sandia National Laboratories (ЗША) Джозэф Сандавал. У каманду таксама ўваходзяць эксперты з Балгарыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Украіны, Францыі, Швейцарыі і непасрэдна з МАГАТЭ.

Акрамя наведвання БелАЭС эксперты місіі правядуць рабочыя абмеркаванні з прадстаўнікамі Беларусі, апытанне адказных работнікаў арганізацый, уцягнутых у забеспячэнне фізічнай абароны, а таксама вывучаць дакументы, якія тычацца фізічнай абароны ядзерных аб’ектаў.

Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае Інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).

Першы блок БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасць у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі 3 лістапада 2020 года. 10 чэрвеня гэтага года блок увялі ў прамысловую — камерцыйную — эксплуатацыю. 18 чэрвеня была прынятая партыя ядзернага паліва для першай планавай перагрузкі ў рэактар першага энергаблока

Збудаванне другога энергаблока завершана на 85%. 19 красавіка на станцыю даставілі ядзернае паліва для яго стартавай загрузкі, якую плануецца ажыццявіць гэтай восенню.

Увесці другі блок у эксплуатацыю ў адпаведнасці з указам № 447 павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка ў красавіцкім інтэрв’ю „Российской газете” заявіў, што ўвод другога энергаблока ў прамысловую эксплуатацыю запланаваны на ліпень наступнага года.

belapan.by