Эксперты: У Беларусі захоўваюцца сур’ёзныя рызыкі для фінансавай стабільнасці
У беларускай эканоміцы існуюць сур’ёзныя рызыкі, рэалізацыя якіх можа негатыўна адбіцца на фінансавай стабільнасці краіны, лічаць эксперты Даследчага цэнтра ІПМ, пункт гледжання якіх прыводзіцца ў макраэканамічным прагнозе на 2017 год.
„Найбольш відавочнай такой рызыкай з’яўляюцца праблемныя актывы банкаў. Нягледзячы на тое што ў гэтай сферы намеціліся некаторыя спрыяльныя тэндэнцыі (напрыклад, улады заснавалі спецыяльнае агенцтва для канцэнтрацыі ў ім сельскагаспадарчых праблемных актываў і спрабуюць даць больш правоў крэдыторам), сістэмнае бачанне шляхоў вырашэння гэтай праблемы пакуль адсутнічае”, — лічаць аўтары прагнозу.
На іх думку, далейшых рост праблемных актываў, доля якіх у банкаўскай сістэме павялічылася ў 2016 годзе больш чым у два разы, можа прымусіць улады запусціць эмісійную крыніцу фінансавання эканомікі.
„У выпадку абвастрэння маштабу праблемы яна можа стаць спускавым кручком для ўнутранага грашовага рынку і справакаваць змены ў манетарнай палітыцы (напрыклад, Нацбанк можа аказацца вымушаным прадастаўляць маштабныя ўліванні ліквіднасці ў праблемныя банкі)”, — мяркуюць эксперты Даследчага цэнтра ІПМ.
Яшчэ адной крыніцай рызык для фінансавай стабільнасці, мяркуюць эканамісты, з’яўляецца рост пазыковай нагрузкі на дзяржаву (паколькі значная частка дзярждоўгу намінавана ў замежнай валюце).
„Адсюль гіпатэтычная недастатковасць валютных рэсурсаў для пагашэння сваіх валютных абавязацельстваў можа стаць яшчэ адной прычынай новай хвалі фінансавай турбулентнасці”, — адзначаюць аўтары макраэканамічнага агляду.
Разам з тым базавы сцэнарый, які закладваюць на 2017 год эксперты, прадугледжвае, што дзякуючы жорсткай грашова-крэдытнай палітыцы уладам удасца захаваць фінансавую стабільнасць і паступова запавольваць інфляцыйныя працэсы ў краіне.
Згодна з прагнозам Даследчага цэнтра ІПМ, у 2016-2017 гадах інфляцыя і тэмп абясцэнення нацыянальнай валюты будуць знаходзіцца ў Беларусі ў дыяпазоне 10-12%.
belapan.by