Эксперты: За штучны рост зарплат Беларусь заплаціць высокую цану



Дырэктыўны рост зарплаты выкліча негатыўныя наступствы, якія могуць спарадзіць крызісныя з’явы ў эканоміцы. Такое меркаванне выказалі эксперты, каментуючы планы ўладаў па павелічэнні сярэднямесячнай зарплаты да 1.000 рублёў да канца года.

Паводле звестак БелаПАН, у чэрвені дзяржорганы згодна з даручэннем урада рыхтавалі памесячныя графікі павышэння зарплат да канца года. На ўзроўні мясцовых органаў улады арганізаваная адміністрацыйная праца па кантролі за выкананнем задання па павелічэнні зарплат.

Так, у Берасцейскай вобласці паводле даручэння старшыні аблвыканкама вясной была створаная адпаведная рабочая група. „Арганізаваная абарона планаў мерапрыемстваў па росце заработнай платы структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкама па відах эканамічнай дзейнасці, якія курыруюцца, і па падведамных (што ўваходзяць у склад) арганізацыях”, — гаворыцца ў матэрыялах Берасцейскага аблвыканкама.

Разам з тым беларускія эканамісты лічаць, што дырэктыўнае павышэнне заработнай платы пацягне шэраг негатыўных наступстваў.

„Штучны рост зарплат выкліча павелічэнне выдаткаў на працу і зніжэнне цэнавай канкурэнтаздольнасці беларускіх экспарцёраў. Таму з разумнага пункта гледжання павышаць зарплаты нельга, аднак калі такой мэты рэальна захочуць дасягнуць, то на пэўную дату гэта можна зрабіць, але негатыўныя наступствы ў гэтым выпадку непазбежныя”, — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

На яго думку, калі дырэктыўныя паказчыкі насуперак фінансаваму стану прадпрыемстваў будуць выкарыстоўвацца, „гэта можа сфармаваць глебу для крызісных з’яў у эканоміцы”.

Эканамісты канстатуюць, што перадумовы для істотнага павышэння прадукцыйнасці працы і супастаўнага росту заробкаў адсутнічаюць, і таму спадзяюцца, што дырэктыўныя мэты ўлады не стануць імкнуцца дасягаць любой цаной.

„Дзярждоўг Беларусі (у адносінах да ВУП) набліжаецца да мяжы эканамічнай бяспекі. Аслабленне курсу беларускага рубля, якое стане верагодным следствам штучнага павышэння зарплат, прывядзе да таго, што параметры пазыковай нагрузкі на эканоміку перастануць вытрымлівацца. Таму за дырэктыўны рост зарплат давядзецца заплаціць высокую цану, і хочацца спадзявацца, што да гэтага не дойдзе”, — адзначыў эканаміст Антон Болтачка.