Еўразвяз адмяніў квоты на беларускі тэкстыль



На сённяшнім пасяджэнні ў Бруселі Савет міністраў Еўрапейскага звязу па агульных справах аднагалосна зацвердзіў рашэнне пра адмену квот на імпарт беларускай тэкстыльнай прадукцыі, паведамляюць naviny.by.

Раней, 19 студзеня, праект рашэння пра адмену аўтаномных квот ЕЗ пры імпарце беларускіх тэкстыльных вырабаў быў ухвалены Еўрапарламентам, а 1 лютага – Камітэтам пастаянных прадстаўнікоў Еўразвязу (COROPER).

Квоты ў дачыненні да 33 пазіцый беларускага тэкстылю Еўразвяз ужываў з 1993 года. З іх 11 пазіцый з’яўляюцца найбольш прыярытэтнымі напрамкамі экспарту: баваўняныя тканіны, штаны, блузкі, мужчынскія кашулі, бялізна, паліто, плашчы і жакеты, курткі, сукенкі і спадніцы, трыкатажнае верхняе адзенне, ільняныя тканіны.

З 2005 года, калі Еўразвяз, выконваючы дамову СГА, спыніў кватаваць імпарт тэкстыльнай прадукцыі, Беларусь засталася ці ледзь не адзінай краінай у рэгіёне, пастаўкі з якой працягваюць жорстка рэгулявацца.

У 2009 годзе Еўракамісія адмяніла квоты па 13 з 33 пазіцый імпарту беларускага тэкстылю.