Еўразвяз гатовы спрыяць прыцягненню інвестыцый у Беларусь
Еўразвяз гатовы паспрыяць Беларусі ў прыцягненні замежных інвестыцый, заявіў 29 верасня ў Менску кіраўнік аддзела генеральнага дырэктарата па суседстве і перамовах аб пашырэнні Еўракамісіі Васіліс Магарас.
«Гэта будзе дадаткам да таго, што Беларусь зробіць праз палітыку рэформаў і стварэнне сваёй рэпутацыі і ўмоў для інвестараў», — сказаў прадстаўнік Еўракамісіі. Паводле яго слоў, гэта стане пытаннем, якое і будзе абмяркоўвацца на гэтым форуме.
Ён таксама адзначыў, што эксперты абмяркуюць крокі Беларусі ў плане выканання фундаментальных правоў чалавека. «Мы спадзяемся, што будучая палітыка ўрада ўлічыць гэта», — сказаў Магарас.
На яго думку, Беларусь для прыцягнення замежных інвестыцый робіць пэўныя крокі, у тым ліку паляпшае інвестыцыйны клімат, і праводзіць пэўныя рэформы, пра што сведчаць даволі высокія месцы ў міжнародных рэйтынгах. Міжнародныя інстытуты падтрымліваюць развіццё дзелавых паслуг у Беларусі для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. «Беларусь вядомая якасцю сваіх прадуктаў і кваліфікаванай рабочай сілай, што стане асновай для паспяховай будучыні», — адзначыў Магарас.
Ён выказаў надзею, што ў Беларусі спецыялісты будуць больш валодаць замежнымі мовамі. ЕЗ, паводле яго слоў, таксама падтрымлівае праграмы па энергаэфектыўнасці і інстытуцыянальных пераўтварэннях, падтрымцы моладзі ў розных рэгіёнах Беларусі.
Магарас адзначыў, што Еўразвяз гатовы пашырыць дапамогу Беларусі, якая цяпер складае 30 млн еўра, у пытаннях кіравання міграцыйнымі патокамі, падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, альтэрнатыўнай энергетыкі.
Таксама ён паведаміў, што пашыраны мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і ў яго ўключаная Беларусь. Паводле яго слоў, банк будзе працаваць з беларускім урадам і іншымі партнёрамі для «ідэнтыфікацыі рэальных інвестыцыйных праектаў, якія могуць быць падтрыманы інвестыцыйным банкам». Разглядаецца і прыцягненне грамадзян праз адмысловы фонд добрасуседства.
«Мы спадзяемся, што беларускі ўрад будзе выпрацоўваць новыя падыходы, будзе фармаваць кампетэнцыі бізнесу, асабліва малых і сярэдніх прадпрыемстваў, і будзе аказваць падтрымку фарміраванню новых рынкаў, устараняць бар’еры для прыходу інвестыцый, што таксама запатрабуе нашай падтрымкі», — сказаў прадстаўнік Еўракамісіі.
Ён асабліва падкрэсліў важнасць пытання вяршэнства закона. «Гэта прывядзе да павелічэння прадукцыйнасці бізнесу і прытоку інвестыцый», — лічыць Магарас.
Экс-прэзідэнт ЕБРР, старшы саветнік Rothschild Group Томас Міраў, выступаючы на форуме, заявіў, што Беларусь валодае высокім інвестыцыйным патэнцыялам, які «трэба сёння вызваліць, каб выбудаваць добрыя адносіны з еўрапейскімі суседзямі і міжнароднымі фінансавымі інстытутамі».
Умовамі развіцця для беларускай эканомікі і прыцягнення сродкаў міжнародных фінансавых інстытутаў ён назваў: структурныя рэформы, у тым ліку скарачэнне дзяржаўных субсідый на паслугі ЖКГ, стабільнасць нацыянальнай валюты, прыватызацыю хаця б аднаго буйнога фінансавага інстытута, павелічэнне долі прыватнага сектара ў ВУП да хаця б 50%, узмацненне ролі працоўных рэсурсаў, выкарыстанне добрага геаграфічнага становішча праз развіццё транспартна-лагістычных цэнтраў, інстытуцыйныя рэформы і вяршэнства права.
«ЕБРР і іншыя еўрапейскія інстытуты развіцця адназначна далучацца да Беларусі на шляху да ўстойлівага развіцця, якое выявіцца правядзеннем рэформаў, і мы мяркуем, што гэтыя інстытуты змогуць прыцягнуць дапамогу. Развіццё прыватнай ініцыятывы, рэструктурызацыя доўгу, доступ да капіталаў, прыватызацыя будуць спрыяць супрацоўніцтву з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, і гэта дапаможа Беларусі ў яе імкненні да новых эканамічных поспехаў», — лічыць Міраў.
