Еўразвяз плануе ў снежні агучыць „план Маршала” ў дачыненні да Беларусі



Еўрапейскі звяз плануе ў снежні абнародаваць комплексны эканамічны план у дачыненні да Беларусі („план Маршала”), паведаміў намеснік кіраўніка генеральнага дырэктарата еўрапейскай палітыкі суседства і пашырэння Еўрапейскай камісіі Ерун Вілемс 3 снежня падчас Менскага форуму, які ў анлайн-фармаце правёў Фонд імя Конрада Адэнаўэра.

Вілемс адзначыў, што перспектывы беларуска-еўрапейскіх адносін на гэты момант застаюцца няпэўнымі.

„Мы хочам знізіць наша ўзаемадзеянне з дзяржавай і павялічыць узаемадзеянне з беларускім народам. Аднак мы зноў станем больш працаваць з дзяржавай, калі яна пойдзе па правільным шляху”, — сказаў ён.

Гэты шлях, дадаў Вілемс, прадугледжвае дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі, і ў гэтым выпадку ЕЗ гатовы рэалізаваць „план Маршала”.

„Мы называем яго комплексным эканамічным планам па дэмакратызацыі Беларусі. Вядома ж, ён мае на ўвазе дэмакратычную перадачу ўлады, і ў гэтым выпадку ЕЗ павялічыць аб’ём дапамогі, якая даецца Беларусі”, — сказаў ён.

Такі план, дадаў Вілемс, „ужо амаль гатовы”.

„Мы чакаем, што аб’явім яго ў гэтым месяцы. Аднак, паколькі пакуль мы яго не ўзгаднілі на ўнутраным узроўні, я не магу асабліва шмат пра яго распавядаць, за выключэннем таго, што поўны спектр усіх інструментаў, якія ёсць у распараджэнні Еўразвяза для падтрымкі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, будзе задзейнічаны”, — сказаў ён.

belapan.by