Еўразвяз можа адмяніць квоты на беларускі тэкстыль



У канцы лютага – пачатку сакавіка Еўрапейскі саюз можа адмяніць квоты на беларускія тэкстыльныя вырабы, паведамляе прэс-служба канцэрна „Беллегпрам”.

У канцэрне спасылаюцца на інфармацыю, якая паступіла з пасольства Беларусі ў Бельгіі: 19 студзеня Еўрапарламент ухваліў з папраўкамі праект рашэння аб адмене аўтаномных квот ЕЗ пры імпарце беларускіх тэкстыльных вырабаў. Папраўкі тычацца перш за ўсё выключэння з рэгламенту 2015/936 нормаў, якія рэгулююць квоты для перапрацоўкі па-за тэрыторыяй ЕЗ (яны прымяняліся толькі ў дачыненні да Беларусі).

„У адпаведнасці з інфармацыяй, атрыманай у працоўным парадку ў Еўракамісіі, 1 лютага плануецца разгляд праекта камітэтам пастаянных прадстаўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ЕЗ (дапаможны орган Савета ЕС (Coreper II)). 7 лютага — канчатковая ўхвала Саветам ЕЗ”, — паведамляе прэс-служба „Беллегпрама”.

Пасля завяршэння названых працэдур рашэнне будзе апублікаванае. Такім чынам, чаканы тэрмін уваходжання рашэння ў сілу — канец лютага — пачатак сакавіка 2017 года, дадалі ў канцэрне.

Квоты з 1993 года Еўрасаюз прымяняў адносна 33 пазіцый беларускага тэкстылю, з якіх 11 з’яўляюцца найбольш прыярытэтнымі напрамкамі экспарту: баваўняныя тканіны, штаны, блузкі, мужчынскія кашулі, бялізна, паліто, плашчы і жакеты, курткі, сукенкі і спадніцы, верхняе адзенне трыкатажнае, ільняныя тканіны.

З 2005 года, калі ЕЗ, выконваючы дагавор Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), спыніў кватаваць імпарт тэкстыльнай прадукцыі, Беларусь засталася ледзь не адзінай краінай у рэгіёне, пастаўкі з якой працягваюць жорстка рэгулявацца. Пытанне зняцця квот звязвалася з шэрагам фактараў: наколькі далёка Беларусь прасунецца ва ўступленні ў СГА, на якія дамоўленасці з ЕЗ яна выйдзе, наколькі моцна беларуская лёгкая прамысловасць будзе інтэграваная ў лёгкую прамысловасць Еўропы.

У 2009 годзе Еўракамісія адмяніла квоты па 13 з 33 пазіцый імпарту беларускага тэкстылю.

У снежні 2016 года бізнес-саюзы Беларусі, Эстоніі і Мальты заклікалі Еўрапарламент да больш хуткай адмены абмежаванняў на пастаўку беларускага тэкстылю ў ЕЗ. У сумесным звароце канстатавалася, што, нягледзячы на зняцце амаль усіх санкцый ЕЗ з Беларусі, абмежаванні на пастаўку тэкстылю з краіны дэ-факта застаюцца ў выглядзе квот і ліміту на памер аднаразовай пастаўкі. У прыватнасці ліміт аб’ёму разавай пастаўкі (5 тыс. кг) прымяняецца да 11 запатрабаваных пазіцый тэкстыльных тавараў, такіх як жаночыя гарнітуры, мужчынскія кашулі, пасцельная бялізна. Квоты тычацца 22 пазіцый, у тым ліку сінтэтычных, шарсцяных і паўшарсцяных тканін і пражы.

Тэкстыль з’яўляецца важным артыкулам беларускага экспарту. Яго пастаўкі ў Еўропу, уключаючы давальніцкія замовы, штогод складаюць прыблізна 100 млн долараў. З агульнага аб’ёму тэкстыльнай прадукцыі, што выпускаецца ў Беларусі, прыблізна 40% ідзе на рынак краін ЕЗ. Доля беларускага тэкстылю ў агульным аб’ёме імпарту гэтай прадукцыі ў ЕЗ складае менш за 1%.

belapan.by